Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску затрымалі ўдзельнікаў агітацыйнага пікету за Мілінкевіча


Радыё Свабода, Віцебск Аб 11-й раніцы пікетоўцы ўладкаваліся каля будынка чыгуначнага вакзалу, паставілі стэнд з партрэтам кандыдата Аляксандра Мілінкевіча і пачалі адказваць на пытаньні мінакоў. Праз 15 хвілін да іх падышлі супрацоўнікі мясцовага аддзяленьня міліцыі.

Пераканаўшыся, што пікет не замінае руху людзей па Прывакзальнай плошчы, міліцыянты адышлі. Але неўзабаве зьявіліся іхныя калегі з Чыгуначнага райаддзелу, а праз некаторы час пад''ехаў і сам начальнік раённага аддзелу міліцыі. Ён выказаў сумневы, што сябры ініцыятыўнай групы маюць права праводзіць агітацыю менавіта ў гэтым месцы.

Пікетоўцаў Улада Токарава і Канстанціна Перагуда папрасілі паехаць у пастарунак. Цяпер там ідзе разьбіральніцтва, на якое запрасілі прадстаўнікоў гарвыканкаму і выбарчай камісіі: яны мусяць патлумачыць, ці ёсьць у горадзе месцы, вызначаныя на час выбарчай кампаніі для правядзеньня агітацыйных пікетаў.

Да сёньняшняга дня пытаньняў пра адмысловыя месцы для агітацыі не паўставала: учора ініцыятыўная група Аляксандра Мілінкевіча ўпершыню выставіла 4 пікеты, і ніякіх прэтэнзіяў з боку міліцыянтаў не было.
XS
SM
MD
LG