Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэтыцыя да МЗС Расеі: спыніць падтрымку Лукашэнкі


Радыё Свабода Сёньня ў Маскве ля будынку расейскага МЗС адбыўся пікет супраць антыдэмакратычнага рэжыму ў Беларусі. Арганізатары акцыі – маладыя прадстаўнікі беларускай дыяспары. Разам зь імі на Смаленскую плошчу прыйшлі сябры "Яблока", СПС, Дэмакратычнай партыі Расеі, руху "Мы".

Пікет на Смаленскай плошчы распачаўся сёньня апоўдні. Ля будынку МЗС сабралася прыкладна паўсотні маладых людзей. Яны трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі, плякаты з заклікамі спыніць палітычную і эканамічную падтрымку рэжыму Лукашэнкі.

Непадалёк ад дэманстрантаў стаялі два аўтобусы, куды час ад часу заходзілі пагрэцца міліцыянты і амонаўцы. Іхны ланцуг аддзяляў пікетчыкаў ад аўтамагістралі. Дарэчы, перад пачаткам акцыі арганізатары былі папярэджаныя, што пікетчыкам нельга крычаць, скандаваць лёзунгі, увогуле выступаць.

Аднак выступы ўсё ж адбыліся – некалькі словаў сказалі прадстаўнік "Яблока", а таксама беларускі сьвятар. У выніку пікетчыкі, канешне ж, скандавалі “Жыве Беларусь”, “Сяброўства з Лукашэнкам – ганьба для Расеі”.

У часе ўсёй акцыі міліцыянты паводзілі сябе вельмі абыякава. Ім прыйшлося папрацаваць толькі пры канцы, калі на Смаленскай плошчы зьявіўся чалавек зь беларускім дзяржаўным сьцягам, які пачаў абражаць пікетчыкаў, абараняць беларускага лідэра і, па сутнасьці, правакаваць бойку. Праваахоўныя сілы вымушаныя былі супакоіць яго.

Вельмі цікавы момант: напярэдадні пікету прадстаўнікі беларускай амбасады ў Маскве спрабавалі пераканаць арганізатараў не прыходзіць да будынку МЗС. Але, як кажуць самі пікетчыкі, у выніку атрымаўся зваротны эфэкт: людзей прыйшло болей чым чакалася.

Пасьля завяршэньня пікета ягоныя ўдзельнікі перадалі міністру замежных справаў Расеі Сяргею Лаўрову пэтыцыю, у якой выклалі наступныя патрабаваньні:

-спыніць падтрымку рэжыму Лукашэнкі,

-забясьпечыць дэмакратычнасьць прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі,

-аб’ектыўна рэагаваць на парушэньні выбарчага заканадаўства і на ўсялякія магчымыя фальсыфікацыі,

-выключыць з парадку дня пытаньне пра стварэньне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, пакуль заканадаўчая і выканаўчая ўлады Беларусі ня будуць абраныя шляхам сумленнага галасаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG