Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч правёў першыя перадвыбарчыя мітынгі на Магілёўшчыне


Радыё Свабода Зь першай агітацыйнай паездкай у якасьці кандыдата на прэзыдэнта лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч накіраваўся на радзіму свайго асноўнага канкурэнта – у Магілёўскую вобласьць. Сёньня ён выступаў перад выбарцамі Бабруйска і Магілёва. Улады і міліцыя ў Бабруйску спрабавалі, але ня здолелі сарваць перадвыбарчы мітынг Аляксандра Мілінкевіча. Паслухаць кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі на мясцовую плошчу Перамогі прыйшлі некалькі соцень чалавек.

Жыхары Бабруйску сабралі за вылучэньне Аляксандра Мілінкевіча пяць тысячаў подпісаў. На арганізацыю перадвыбарчага мітынгу мясцовы штаб адзінага апазыцыйнага кандыдата меў мала часу, дэпутат гарсавету Алесь Чыгір зьвярнуўся за падтрымкай у Ленінскі райвыканкам Бабруйску, але яму адмовілі. Затое калі ў цэнтар горада прыбылі аўтобусы з гукаўзмацняльнай апаратурай, адразу зьявіўся кіраўнік ідэалягічнай управы гарвыканкама і запатрабаваў ў даверанай асобы Мілінкевіча Аляксея Янукевіча спыніць падрыхтоўку да мітынгу:

(Чыноўнік: ) “Дазвол давайце!”

(Янукевіч: ) “Нам ня трэба дазвол”.

(Чыноўнік: ) “Вам трэба дазвол, вы знаходзіцеся на тэрыторыі адміністратыўнага цэнтру”.

(Янукевіч: ) “Мы знаходзімся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе адбываюцца прэзыдэнцкія выбары”.

Спробы чыноўнікаў і міліцыі спыніць мітынг былі стрыманымі і да ніякіх вынікаў не прывялі – адзінае, што міліцыя затрымала некалькі чалавек, якія распаўсюджвалі інфармацыйныя бюлетэні з мэтай праверкі іх выходных дадзеных. Паслухаць Аляксандра Мілінкевіча ў Бабруйску прыйшлі некалькі соцень чалавек:

(Мілінкевіч: ) “Гэтая кампанія, мне падаецца, пройдзе проста, бо людзі ў Беларусі падзяліліся як бы на дзьве часткі – адна зь іх жадае жыць як жыве, іх задавальняе цяперашняе жыцьцё, а ёсьць частка людзей, якія хочуць перамен, разьвіцьця, я прадстаўляю менавіта гэтых людзей, і такіх людзей у Беларусі большасьць”.

Аляксандар Мілінкевіч распавёў выбарцам пра асновы сваёй праграмы, адказаў на пытаньні. Ён заявіў, што стаўшы прэзыдэнтам, не зьбіраецца ўсё адразу руйнаваць – усё добрае захаваецца.

На падтрымку Мілінкевіча выступіў Станіслаў Шушкевіч, які гэтак зазначыў, адкуль новая ўлада возьме сродкі на сацыяльна значныя праекты:

(Шушкевіч: ) “Красьці будуць меней і не забясьпечваць гэтую ўладу, якая ня ўмее кіраваць, а ўмее панаваць”.

Рэакцыя бабруйчанаў на зьяўленьне апазыцыйнага кандыдата была рознай:

(Спадар: ) “Гэта адзіны голас розуму, які прагучаў у нашым горадзе за некалькі год”.

(Іншы спадар: ) “Можа, ён цудоўны чалавек, можа быць, ён быў бы цудоўным прэзыдэнтам, але з гэтай камандай ён не пераможа на выбарах”.

(Спадарыня: ) “Лукашэнка самы лепшы чалавек на нашай зямлі, іншага ня трэба, будзем галасаваць за Лукашэнку, бо ён даў нам жыцьцё, даў пэнсіі”.

(Спадар: ) “Хто хоча жыць па-чалавечы і клапаціцца пра дзяцей, той будзе за Мілінкевіча галасаваць. Трэба мець галаву на плячах”.

Сёньня ж Аляксандар Мілінкевіч выступіў у перапоўненай актавай залі Дома культуры завода імя Куйбышава ў Магілёве, дзе заявіў, што калі стане прэзыдэнтам, перш за ўсё скасуе “царскія паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы”. Сустрэча была дазволеная мясцовымі ўладамі і доўжылася каля дзьвюх гадзін.

Заўтра Аляксандар Мілінкевіч накіруецца ў агітацыйную паездку па гарадах Гомельскай вобласьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG