Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А.Казулін: "Улада бярэ кірунак на разьвіцьцё сілавога сцэнару"


Радыё Свабода Кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін і ягоная давераная асоба Алег Волчак патрабуюць ад праваахоўных органаў тэрміновага ўзбуджэньня крымінальнай справы ў сувязі з учорашнім нападам на іх невядомых перад будынкам Нацыянальнага прэс-цэнтра.

Нагадаем, учора пасьля рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандар Казулін плянаваў правесьці ў прэс-цэнтры прэсавую канфэрэнцыю. Аднак кандыдату, яго давераным асобам і журналістам уваход у будынак перагарадзіла група невядомых у спартовай форме.

Аляксандар Казулін змог прарвацца ў памяшканьне. Пры гэтым даверанай асобе кандыдата Алегу Волчаку пырснулі ў твар з газавага балёнчыка. Сябры каманды спадара Казуліна затрымалі двух невядомых і разам з міліцыяй даставілі іх у Ленінскі райаддзел. Спадар Волчак напісаў заяву аб прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці асобаў, якія зрабілі напад на яго і на кандыдата ў прэзыдэнты.

Міліцыянты накіравалі спадара Волчака на мэдэкспэртызу, аднак прайсьці яе ўдалося толькі сёньня, бо ўчора дзяжурны экспэрт адмовіўся яе праводзіць. Устаноўлены лёгкія цялесныя пашкоджаньні. Паводле Алега Волчака, міліцыянты беспадстаўна адпусьцілі затрыманых, назваўшы іх прозьвішчы – Сотнікаў і Варанцоў.

(Волчак: ) "Мы правялі апэратыўную інфармацыю. Гэта іх выдуманыя прозьвішчы. На гэты момант вядома, што гэта людзі не з КДБ, не з АМОНу ці СОБРА. Гэта людзі альбо з уласнай бясьпекі прэзыдэнта, альбо з агульнай службы бясьпекі. Нас уразіла, што нават міліцыянты не змаглі ўзяць зь іх тлумачэньні і ўстанавіць іх асобы. Таму справа набывае палітычную афарбоўку”.

Алег Волчак разам з кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандрам Казуліным перадасьць скаргу генпракурору аб тэрміновым узбуджэньні крымінальнай справы, бо, як лічыць спадар Волчак, на міліцыю робіцца ўціск, і яна ня зможа правільна правесьці праверку.

У другі дзень агітацыйнай кампаніі Аляксандар Казулін не праводзіць сустрэчаў з выбарнікамі. Ён заявіў, што ягоны штаб рыхтуецца да сур’ёзных справаў.

(Казулін: ) “Мы проста бачым, у якіх умовах мы будзем працаваць. Бачна, які бок пачынае браць улада. Яна бярэ выразны накірунак на разьвіцьцё сілавога сцэнару. Мы цяпер думаем, што гэтаму проціпаставіць. Сустрэчы з выбарнікамі, канешне ж, будуць. Але мы цяпер рыхтуемся да правядзеньня шырокамаштабнай агітацыйна-прапагандысцкай кампаніі”.
XS
SM
MD
LG