Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сойм КХП БНФ: Мілінкевіч – “чыста дэкаратыўная фігура”


Радыё Свабода Без падпіскі – 18 лютага. Тыднёвы агляд газэт, якія не дастаўляе пошта і не прадае саюздрук.

Чым бліжэй 19 сакавіка – тым вастрэй выбарчая кампанія. “Народная воля” расказвае пра чарговы сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі – БНФ: аднадумцы Зянона Пазьняка атэставалі Аляксандра Мілінкевіча “чыста дэкаратыўнай фігурай”, Аляксандра Казуліна – асобай, якую Масква лічыць альтэрнатывай дзейнаму прэзыдэнту.

На апошнім агульным сходзе Акадэміі навук наўпрост агітавалі за Аляксандра Лукашэнку. Акадэмік Аляксандар Вайтовіч сказаў, што такога ён ня чуў ніколі за апошнія 30 гадоў. Доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш у артыкуле “Поўныя адмарозкі” разважае над праблемай паліткарэктнасьці ў выступах дзейнага прэзыдэнта.

*** Віталь Сіліцкі ў “Нашай Ніве” зазначае: “Галоўная памылка, якую зрабілі Мілінкевіч і яго каманда – гэта пачатак перамоваў са штабам Казуліна да таго, як апошні выразна вызначыў сваю пазыцыю і праявіў, на якім баку ён насамрэч гуляе”. Тыднёвік правёў апытаньне: “Колькі людзей прыйдзе 2 сакавіка на сустрэчу зь Мілінкевічам?” Аптымісты кажуць пра 25 тысяч, пэсымісты ставяць на паўтысячы... “Наша Ніва” расказвае таксама пра арганізаваны ўладамі канцэртны тур “За Беларусь”. Адмовіўся браць удзел у ім толькі гурт “J_морс”. А вось такія “зоркі”, як Шышкова, Слука, Смолава, “Атлянтыка”, “Цягні-Штурхай” ды іншыя пагадзіліся выступаць, піша Сяргей Будкін, нават задарма: маўляў, потым акупіцца...

*** Газэта “Товарищ” аддала першую паласу пад хроніку выбарчай кампаніі. Журналісты і пазаштатныя аўтары прыводзяць шмат прыкладаў правакацый супраць сябраў каманды Аляксандра Мілінкевіча.

*** Тэмай нумару “БДГ. Деловой газеты” стала так званая “карыкатурная вайна”. Скандал вакол карыкатур на прарока Мухамэда, адзначаецца ў рэдакцыйным артыкуле, выгодны кіраўніцтву шэрагу арабскіх краінаў, бо адцягвае ўвагу насельніцтва ад надзённых праблемаў. Пётр Максімаў, які ўжо сем гадоў займаецца палітычнай карыкатурай на старонках БДГ, нагадвае: гэты жанр цаніўся нават за Сталіным, Машэравым, затое сучаснае кіраўніцтва Беларусі баіцца яго...

“У ложку з Гітлерам” – так называецца артыкул Віталя Тараса ў “Нашай Ніве” пра справакаваныя нібыта карыкатурыстамі рэлігійныя пагромы.

*** Выпускаючы рэдактар газэты “Згода” Аляксандар Сьдзьвіжкоў расказвае пра асноўны матэрыял тыднёвіка:

(Сьдзьвіжкоў: ) “Мы першая ў Беларусі газэта, якая друкуе гэтыя славутыя малюнкі з дацкай газэты пра Мухамэда. Дзевяць малюнкаў з дванаццаці – астатнія мне не падабаліся...”

*** “БДГ. Деловая газета” зьвяртаецца да аналізу разьвіцьця ў краіне партыйнай сыстэмы. Сытуацыю камэнтуе палітоляг Віктар Чарноў. У эканамічным блёку – пэрспэктывы беларускіх півавараў, алькагольнай прамысловасьці, лёс праекту Міжнароднай фінансавай карпарацыі па паляпшэньні ў Беларусі дзелавога асяродку.

*** “Народная воля” шмат піша пра беларускія рэаліі з крымінальным адценьнем. “Даведнікам для рэкеціра” назвалі новы праект закону “Аб рэкляме” беларускія прадпрымальнікі. Карэспандэнт “Народнай волі” пагутарыла з былым памочнікам прэзыдэнта Мікалаем Ананьевым, які днямі пазбавіўся пасады дырэктара вучылішча алімпійскага рэзэрву. Ананьеў лічыць, што гэта – помста ягонага былога падначаленага, сёньняшняга міністра спорту і турызму Аляксандра Грыгарава. Марына Коктыш апублікавала артыкул “Кіно пра Паўлічэнка”.

(Коктыш: ) “Днямі “Сталічнае тэлебачаньне” паказвала кіно пра Паўлічэнка. Голас за кадрам камэнтуе: “Калі будзе такая неабходнасьць, гэты палкоўнік ні хвіліны не задумваючыся ахвяруе сваім жыцьцём за кожнага з апазыцыянэраў!” Нагадаем: ён – адзін з тых, каго падазраюць у забойствах Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага...”

*** “БДГ. Деловая газета” камэнтуе, што стаіць за нібыта ростам даверу грамадзтва да беларускіх судоў. Артыкул мае красамоўны загаловак: “Судзьдзі прыраўнялі колькасьць да якасьці”.Сяргей Шапран піша пра справу 16-гадовага Антона Філімонава, сына год таму забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай. Ужо месяц юнак сядзіць у СІЗО бяз сьледчых дзеяньняў.

*** “Наша ніва” традыцыйна востра падае навіны культурнага жыцьця. Так, на літаратурную вечарыну ў Пушкінскую бібліятэку не пусьцілі кіраўніка Беларускага ПЭН-цэнтру Ўладзімера Някляева. Маўляў, ён прыйшоў з намерам ладзіць скандал... Газэта паведамляе, што Сьвятлана Алексіевіч на два гады зьяжджае ў швэдзкі Гётэборг, які дае прытулак творчым асобам з краінаў-ізгояў. Мін’юст без тлумачэньня прычынаў адмовіў у рэгістрацыі грамадзкаму аб’яданьню “Беларускае краязнаўчае таварыства” пад кіраўніцтвам Анатоля Бутэвіча. Сяргей Мікулевіч раіць пачытаць мэмуары Мікалая Дземянцея “Урокі жыцьця”, цытую, “каб адчуць плач аб страчаным выраі”. Затое газэта “Товарищ” піша пра тую самую кнігу, што яна, цытую, “вымушае чытачоў па-новаму глянуць на гісторыю...” А Пётра Васілеўскі ў “Народнай волі” піша пра прэзэнтацыю новага твора Аляксея Марачкіна – карціну “За элегантную победу!”. Другая яе назва – “Адмарозкі”...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG