Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніка Жлобінскага штабу А.Мілінкевіча трымалі ў пастарунку 3 гадзіны


Радыё Свабода Супрацоўнікі менскай міліцыі затрымалі Валерыя Рыбчанку, кіраўніка Жлобінскага штабу А.Мілінкевіча – яго спынілі, як толькі ён перасёк мяжу Менску. Яму паведамілі, што яго падазраюць у цяжкім злачынстве і трымалі ў пастарунку, пакуль ня скончылася першая сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі. Спадар Рыбчанка ўпэўнены, што з набліжэньнем даты выбараў падобныя інцыдэнты будуць адбывацца часьцей.

Валерыя Рыбчанку затрымалі супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі на гарадзкой мяжы Менску. Ён ехаў са Жлобіна разам са сваімі паплечнікамі на ўласным аўтамабілі. Супрацоўнікі ДАІ дазволілі пасажырам выйсьці з машыны. Калі яны былі ўжо ў мэтро, па рацыі паступіў нейкі загад, і міліцыянты папрасілі спадара Рыбчанку паклікаць пасажыраў, але ён адмовіўся.

Намесьнік кіраўніка міліцыі Заводзкага раёну, куды адвезьлі апазыцыянэра, паведаміў, што сп. Рыбчанка падазраецца ў забойстве таксіста. Больш за тры гадзіны жлобінскі актывіст правёў у аддзеле міліцыі. Валеры Рыбчанка распавядае:

(Рыбчанка: ) “Задача была папросту затрымаць. Я адразу ім казаў: “Якое забойства? Я ж паводле пратаколаў вашых даішнікаў уначы ня быў у Менску. Як я мог забіць уначы чалавека?” Мяне спрабавалі не пусьціць у Жлобіне, потым па дарозе на Менск. Але я ўсё аб’ехаў. Нейкія высновы яны мусяць зрабіць, бо гэта ўсё сьмешна. Дрэннае доўга цягнуцца ня можа. Я спытаў: “А калі страляць скажуць?” Адзін зь міліцыянтаў адказаў: “Я хутчэй зь сябе сарву пагоны”.

Пасьля заканчэньня сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі апазыцыянэра адпусьцілі.

Валеры Рыбчанка распавёў Свабодзе, што яго неаднаразова затрымлівалі ў Жлобіне, складалі пратаколы, забіралі каляндарыкі з выявай Мілінкевіча. Ён лічыць, што з набліжэньнем даты выбараў інцыдэнты з удзелам міліцыі будуць адбывацца ўсё часьцей.

Сёньня ж міліцыянты не пусьцілі ў Менск, паводле розных нагодаў, шэраг прадстаўнікоў выбарчага штабу Мілінкевіча ў Сьветлагорску. У Жодзіне міліцыянты папярэдзілі актывістаў Маладога Фронту, каб яны былі дома, бо да іх нібыта ёсьць нейкія справы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG