Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін правёў прэсавую-канфэрэнцыю ў фае Нацыянальнага прэс-цэнтру


Радыё Свабода Аляксандар Казулін, які ад сёньняшняга дня стаў афіцыйна зарэгістраваным кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі, зьбіраўся ўвечары адказваць на пытаньні журналістаў у залі Нацыянальнага прэсавага цэнтру. Паводле прэсавай сакратаркі прэтэндэнта на вышэйшую дзяржаўную пасаду Ніны Шыдлоўскай, учора кіраўніцтва прэсавага цэнтра дало дазвол на правядзеньне канфэрэнцыі, а сёньня без тлумачэньня прычынаў адмовіла. Гэта аднак не спыніла спадара Казуліна.

Калі Аляксандар Казулін з даверанымі асобамі і сябрамі ініцыятыўнай групы падышоў да будынку, дзьверы былі зачыненыя на ключ. Спачатку кандыдат на прэзыдэнта праз шкло паказаў атрыманае толькі сёньня сваё афіцыйнае пасьведчаньне, а калі дзьверы адчынілі, пачаў перамовы з асобамі ў цывільным, якія назвалі сябе аховай будынку. Хвілінаў дзесяць гэтыя людзі стрымлівалі напор каманды Казуліна. Аднак затым суправаджэньне кандыдата на прэзыдэнта ўвайшло на першы паверх будынку. Пры гэтым даверанай асобе кандыдата Алегу Волчаку ахова пырснула ў твар зь нейкага балёнчыка:

(Волчак: ) "На якой падставе супраць мяне ўжытыя спэцсродкі? На якой? Гэта ж чаромха. Супраць безабаронных. Пыркнулі ў твар нейкай брыдотай. І шыя цяпер баліць".

Каманда Казуліна выклікала па тэлефоне міліцыянтаў, і тыя адвезьлі двух чалавек, на якіх паказаў Алег Волчак, у міліцыю Ленінскага раёну. Там цяпер высьвятляюць, што гэта за людзі.

На імправізаванай прэсавай канфэрэнцыі спадара Казуліна перадусім спыталі, чаму ён так дамагаецца правядзеньня прэсавай канфэрэнцыі менавіта ў гэтай залі. Кандыдат на прэзыдэнта адказаў, што ён хацеў адразу ж сёньня дазнацца, ці ўсе зарэгістраваныя прэтэндэнты маюць аднолькавыя правы:

(Казулін: ) "Нацыянаьны прэсавы цэнтар – гэта доступ да ўсіх сродкаў масавай інфармацыі Беларусі і замежных. Натуральна, што я, як асоба, якая сёньня мае аднолькавыя правы са спадаром Лукашэнкам, хацеў пабачыць, ці сапраўды я маю такія роўныя правы. Пераканаўся, што ня маю".

Спадар Казулін сказаў, што ён будзе змагацца за перамогу на выбарах. Тое, што Лукашэнку падтрымліваюць да 80% насельніцтва, ён лічыць хлусьнёй:

(Казулін:) "Калі ў яго 80% падтрымкі народу, дык у абдымках гэтага народу задыхнуцца ўсе астатнія прэтэндэнты. Дык чаго ж улады так баяцца? І каго яны так баяцца? Таму і блізка няма гэтых 80%. Ёсьць максымум 30%. І таму ўлада панічна баіцца, што людзям стане вядома праўда".
XS
SM
MD
LG