Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што хацелі б запытацца ў кандыдатаў на прэзыдэнта жыхары Віцебску?


Радыё Свабода Сёньня ЦВК зарэгістравала ўсіх чатырох прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах — Сяргея Гайдукевіча, Аляксандра Казуліна, Аляксандра Лукашэнку і Аляксандра Мілінкевіча. Якія пытаньні кандыдатам хацелі б задаць іхныя будучыя выбарцы?

(Спадар: ) “Пытаньне да кандыдата Лукашэнкі, адмыслова да яго пытаньне: як ягоны вось гэты трэці тэрмін стасуецца з артыкулам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе дакладна гаворыцца: пяць год і ня больш як два разы? Усё! Хаця ягоны адказ я ўжо ведаю”.

(Спадар: ) “Дзе Красоўскі, дзе Ганчар, дзе астатнія? Вось маё пытаньне”.

(Спадарыня: ) “Маё пытаньне да апазыцыйых кандыдатаў. Што яны зробяць са спадаром Лукашэнкам, калі прыйдуць да ўлады?”

(Спадар: ) “У Лукашэнкі і Гайдукевіча я ні пра што б не запытваўся. А вось менавіта ў Мілінкевіча і Казуліна запытаўся б: “Даражэнькія спадары! Ці ведаеце вы, што калі гуляеце ў выбары па правілах Аляксандра Рыгоравіча, то робіце вялікую шкоду для Беларусі і ўсяго беларускага народу?” Вось так бы я запытаўся”.

(Спадарыня: ) “Абсалютна няма пра што, проста няма пра што пытацца, і ўсё. Я апалітычны чалавек, можна так сказаць”.

(Спадарыня: ) “Чаму яны ўсе рвуцца ў вярхі, а не застаюцца з народам, калі яны ў нас народныя абраньнікі?”

(Хлопец: ) “Калі ў студэнтаў будзе нармальнае разьмеркаваньне: каб і праца была, і кватэру давалі? І калі ў студэнтаў будзе нармальная стыпэндыя, хаця б на ўзроўні мінімальнага заробку? Сацыяльная, а не падвышаная стыпэндыя, хаця б тыя 128 тысяч! Усё б было больш прыемна”.

(Дзяўчына: ) “Чаму праезд даражэе? Чаму білеты дахаты такія дарагія? Ці будуць яшчэ зьніжкі студэнтам, каб дамоў ездзіць было таньней?”

(Спадар: ) “Маё пытаньне не да Лукашэнкі, бо я не за яго. Я за Мілінкевіча, і гэта яму задаю пытаньне, як ён ставіцца да прафэсійнага войска, бо ў мяне расьце сын. І яшчэ пытаньне: што будзе зроблена для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, для інвалідаў. Каб не адно ім пэнсію даваць, а каб падвысіць узровень іхнай сацыялізацыі ў грамадзтве — каб яны маглі мець добрую працу і быць нароўні зь іншымі людзямі”.

(Спадар: ) “Ці хочаце вы, каб Беларусь далучылася да цывілізаванага сьвету? Толькі адно — гэтае пытаньне!”
XS
SM
MD
LG