Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельшчына: затрыманьні актывістаў каманды Мілінкевіча


Радыё Свабода Раніцай 17 лютага ў Гомельскай вобласьці дзяржаўтаінспэкцыя, міліцыянты і людзі ў цывільным затрымалі шэраг актывістаў ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, якія ехалі ў Менск вітаць ягоную рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты.

А 7-й гадзіне раніцы на шашы Гомель — Менск дарожны патруль затрымаў прыватны мікрааўтобус Уладзімера Шыцікава зь сямю актывістамі. У групе былі зборшчыкі подпісаў, намесьнік кіраўніка абласнога штабу Мілінкевіча Ўладзімер Сякерка, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктар Хоміч. Распавядае ўдзельнік паездкі Андрэй Толчын:

(Толчын: ) “Мы ехалі на афіцыйнае мерапрыемства — рэгістрацыю кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Мы ўсе сябры ягонай групы падтрымкі. Наш мікрааўтобус спынілі на трасе супрацоўнікі Ўрыцкага аддзяленьня міліцыі. У машыне зь міліцыянтамі знаходзіўся прадстаўнік спэцслужбы, які сачыў у свой час за спадаром Мілінкевічам, калі той прыяжджаў у Гомель”.

Актывістаў тры гадзіны трымалі ў міліцэйскім пастарунку ў мястэчку Ўрыцкае. Старшы ўчастковы інспэктар Васіль Краўцоў патрабаваў тлумачэньняў. Аднак удзельнікі паездкі напісалі ліст да пракурора і скаргу ў міліцэйскую кнігу прапановаў на незаконнае затрыманьне.

Роўна праз тры гадзіны актывістаў адпусьцілі. Аднак па дарозе ў Менск у вёсцы Дукора Пухавіцкага раёну мікрааўтобус з актывістамі Мілінкевіча дарожны патруль затрымаў другі раз, а праз кілямэтраў дзесяць — трэці раз. Меркаваньне Андрэя Толчына:

(Толчын: ) “Я гэта расцэньваю як непрыхаваны ціск уладаў на свабоду і дэмакратыю. Відавочна ўжо, што выбары ў нас будуць не сумленнымі і не дэмакратычнымі”.

Прыкладна па такім жа сцэнары, як і ў Гомелі, на выезьдзе са Сьветлагорску супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі затрымлівалі раніцай і легкавік старшыні абласной арганізацыі БНФ Віктара Раманішкі. Зь іншымі актывістамі ён кіраваўся ў Менск. Двойчы Віктара Раманішку спынялі на шашы, правяралі дакумэнты, зношанасьць гумы колаў, канцэнтрацыю выкідаў шкодных газаў з рухавіка. А калі ў багажніку ўбачылі плякаты “Сьветлагорск — за Мілінкевіча!”, загадалі ехаць у райаддзел міліцыі. Спадара Раманішку як кіроўцу трымалі ў пастарунку дзьве з паловай гадзіны. Плякаты “Сьветлагорск — за Мілінкевіча!” на загад намесьніка начальніка міліцыі Пятра Зыкуна сканфіскавалі. Гаворыць грамадзкі актывіст са Сьветлагорску Вадзім Болбас:

(Болбас:) “Чацьвёра мы, за рулём Раманішка, ехалі вітаць Мілінкевіча пасьля рэгістрацыі. У выніку замест Менску апынуліся ў пастарунку. Гэта кампанія кандыдата Лукашэнкі па нэўтралізацыі праціўнікаў. Абсалютна ціха, спакойна — ніхто нікога ня біў дубінкаю. Проста забралі і не далі нам даехаць да Менску”.

На ўезьдзе ў Менск супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі Заводзкага раёну сталіцы затрымалі на прыватным легкавіку актывіста са Жлобіна Валерыя Рыбчанку з паплечнікамі.

Паляваньне на актывістаў групы Мілінкевіча міліцыянты ўчынілі і ў Калінкавічах. У прыватнасьці, учора днём Аляксея Маневіча спрабавалі па тэлефоне выклікаць у вайсковы камісарыят. А ўвечары двое міліцыянтаў завіталі дахаты да Маневіча, каб уручыць яму на сёньня позву ў пастарунак. Актывіст адмовіўся ўзяць яе, паколькі не было ўказана, паводле якой справы яго выклікаюць.
XS
SM
MD
LG