Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Клімава перавялі ў спэцкамэндатуру ў в.Баршчоўка Рэчыцкага раёну


Радыё Свабода Былога дэпутата Андрэя Клімава, які адбываў пакараньне абмежаваньнем волі ў Крупках, перавялі ў адну з камэндатураў Гомельскай вобласьці — дагэтуль дакладна невядома, у якую. Апазыцыйны палітык зьвязвае гэтае перамяшчэньне з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі.

Пра тое, што яго пераводзяць на іншую “хімію”, раніцай 17 лютага паведаміў сваякам сам Андрэй Клімаў. Ён даслаў кароткае СМС-паведамленьне, пасьля чаго ягоны тэлефон адключыўся.

Потым некалькі гадзінаў сувязі з Андрэем Клімавым не было. За гэты час начальнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Уладзімер Коўчур паведаміў “Свабодзе”, што Андрэя Клімава пераводзяць у адну з калёніяў-пасяленьняў Гомельскай вобласьці, прызначаную адмыслова для тых, хто раней ужо адбываў пакараньне. Уладзімер Коўчур не ўдакладніў, у якую. “Прычына пераводу Андрэя Клімава, паводле Ўладзімера Коўчура, “у перанаселенасьці Крупскай спэцкамэндатуры”.

А другой гадзіне дня мабільны тэлефон Андрэя Клімава ажыў. Палітык паведаміў, што яго толькі што правезьлі праз Жлобін і вязуць далей, але куды — ня кажуць. Вось як Клімаў патлумачыў тое, што зь ім адбывалася.

(Клімаў: ) “Як тлумачу? Калі дарогай не заб’юць, калі дажыву да 19 сакавіка, буду радавацца, што адкруціўся лёгка. Мне нічога ня кажуць, куды вязуць. Але самі ведаюць. З размоваў я зразумеў, што засталося 90 кілямэтраў”.

Андрэй Клімаў абверг зьвесткі, што Крупская камэндатура, у якой ён раней знаходзіўся, была перанаселеная.

Куды могуць накіраваць Андрэя Клімава? У Гомельскай вобласьці шмат падобных установаў, некаторыя разьмешчаны далёка ад вялікіх аўтамабільных дарогаў і чыгункі. Андрэй Клімаў можа апынуцца на самым поўдні краіны ў вёсцы Мышканка Петрыкаўскага раёну — гэта былая вайсковая частка, прыстасаваная пад “хімію”. Таксама яго могуць накіраваць ў Зарэчча — яшчэ адзін “воўчы кут” у Рэчыцкім раёне. Ёсьць таксама “хіміі” ў Ельскім, Мазырскім, Веткаўскім раёнах. Некаторыя з гэтых спэцкамэндатураў фактычна разьмешчаныя на тэрыторыі калёніяў. “Хімікаў” ад “зэкаў” розьніць толькі тое, што іх вывозяць працаваць у мясцовыя калгасы. Ня выключана, што ў такіх умовах Андрэю Клімаву прыйдзецца знаходзіцца да 22 сьнежня, калі закончыцца тэрмін ягонага пакараньня.

Андрэя Клімава пакаралі за арганізацыю несанкцыянаванай вулічнай акцыі летась на Дзень Волі. Раней за арганізацыю акцыяў пратэсту накіравалі на “хімію” апазыцыянэраў Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца. Днямі Мікалаю Статкевічу забаранілі адбываць пакараньне ў доме ягонага бацькі і зноў зьмясьцілі ў спэцкамэндатуру. Апазыцыйны палітык мяркуе, што гэта зьвязана з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў.

* * * Як толькі што стала вядома з тэлефоннай размовы з Андрэем Клімавым, яго прывезьлі ў спэцкамэндатуру ў вёсцы Баршчоўка Рэчыцкага раёну. “Сустрэлі мяне даволі насьцярожана, разьмясьцілі ў пакой, дзе жывуць тры чалавекі. Дзе буду працаваць, ня ведаю. Вакол лес. Мне выразна далі зразумець, што ў гэты перадвыбарчы час маё месца ў лесе”, — сказаў Андрэй Клімаў.
XS
SM
MD
LG