Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве абрабавалі офіс мясцовай філіі БНФ


Радыё Свабода Ноччу 17 лютага невядомыя зламысьнікі ўзламалі і абакралі офіс Магілёўскай абласной філіі БНФ і “Маладога фронту”.

Магілёўская філія БНФ арандуе памяшканьне ў Доме быту на вуліцы Ціміразеўскай. Суседзі-арандатары раніцай заўважылі расчыненыя дзьверы офісу. Калі актывісты БНФ прыехалі на месца падзеі, то зафіксавалі ўсе прыкметы крадзяжу з узломам. Адметна, што зламысьнікі не чапалі дзьвярэй іншых арганізацыяў і фірмаў.

З памяшканьня зьніклі газэты, улёткі і дакумэнты партыі. У прыватнасьці, у офісе не стае інфармацыйных бюлетэняў аб’яднаных дэмакратычных сілаў і БНФ, выданьня “Моладзь БНФ”, газэты “Народная Воля”, бел-чырвона-белых сьцяжкоў, партрэтаў Аляксандра Міленкевіча.

Міліцыянты назвалі крадзеж звычайным, бо зьніклі ня толькі дакумэнты, але і тэлефонны апарат. “Але навошта звычайным злодзеям партыйныя дакумэнты, газэты і пячатка?” — пытаецца старшыня Магілёўскай філіі БНФ Рыгор Костусеў.

(Костусеў: ) “Я лічу, што дадзены крадзеж у офісе — гэта чарговы крок спэцслужбаў. Ну, скажыце, калі ласка, які злодзей будзе красьці газэты і іншыя матэрыялы, што знаходзіліся ў офісе? Гэта, на мой погляд, чарговы крок уладаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі”.
XS
SM
MD
LG