Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі да зубнога лекара прыходзіць пацыент, яму ў дзясну ўпырскваецца какаін”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага -- 17 лютага

“Звезда”, 1926 год. Пра новае ў мэдыцыне:

“Калі да зубнога лекара прыходзіць пацыент з хворым зубам, дзе аголеная нэрва, дык неадкладна яму ў дзясну ўпырскваецца какаін, які анэстызуе гэтую вобласьць, і лекар цалкам бязбольна для пацыента выдаляе з зуба нэрву, робіць неабходную чыстку бормашынай, дэзынфэктуе поласьць пашкоджанага зуба і плямбуе яе. Уся гэтая працэдура цягнецца ня болей за 50 хвілін”.

“Бацькаўшчына”, 1956 год. Інфармацыя са “Звязды”:

“За апошнія гады ў Ленінскім раёне Берасьцейскае вобласьці расшырылася сетка прадпрыемстваў мясцовай прамысловасьці. Працуе райпромкамбінат, ёсьць некалькі арцеляў прамысловай каапэрацыі… Аднак у магазынах раённага цэнтру не заўсёды бываюць бэтоны для газы, таркі, лейкі, дробны сельскагаспадарчы інвэнтар і іншыя тавары. Па набыцьцё іх даводзіцца ехаць у вабласны цэнтар або навет у Менск”.

“Свободные новости плюс”, 1996 год. Старшыня партыі камуністаў Беларусі Сяргей Калякін:

“Мы не зьяўляемся прыхільнікамі прэзыдэнцкай рэспублікі і лічым, што прэзыдэнцкая форма праўленьня ня самая лепшая. Мы выступаем за Рэспубліку Саветаў, мы не падтрымлівалі “прэзыдэнцтва” падчас яго ўвядзеньня, аднак інстытут прэзыдэнцтва ўсё роўна прынялі. У другім туры прэзыдэнцкіх выбараў мы не падтрымлівалі ні Кебіча, ні Лукашэнку, хоць лёзунгі Лукашэнкі на 90% супадаюць з нашымі”.
XS
SM
MD
LG