Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Андрэя Клімава перавялі з Крупак у адну з камэндатур Гомельскай вобласьці


Радыё Свабода Пра тое, што яго перавозяць у іншае месца, паведаміў сваякам сам Андрэй Клімаў раніцай 17 лютага. Ён даслаў кароткае смс-паведамленьне . Куды яго перавозяць, былы дэпутат ня ведаў. Празь некалькі хвілінаў ягоны мабільны тэлефон адключыўся.

У першай палове дня начальнік дэпартамэнта выкананьня пакараньняў МУС Уладзімір Коўчур паведаміў «Радыё Свабода», што Андрэя Клімава пераводзяць у адну з калёній-пасяленьняў Гомельскай вобласьці, прызначаную адмыслова для тых, хто раней ужо адбываў пакараньне. Уладзімір Коўчур не ўдакладніў, у якую. «Патэлефануйце у панядзелак», – адказаў міліцыянт. Прычына пераводу Андрэя Клімава, паводле Ўладзіміра Коўчура, «ў перанаселенасьці Крупскай спецкамэндатуры».

Жонка Клімава Тацяна заявіла, што міліцыянты ня мелі права мяняць яе мужу месца адбываньня пакараньня. Тацяна Клімава спаслалася на 44 артыкул Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, паводле якога асуджаныя да абмежаваньня волі мусяць «як правіла» адбываць пакараньне недалёка ад месца жыхарства. Жанчына неаднаразова бывала ў Крупскай спецкамэндатуры, дзе знаходзіўся яе муж, і кажа, што не заўважыла там перанаселенасьці.

Куды могуць накіраваць Андрэя Клімава? Гомельская вобласьць літаральна нашпігаваная «хіміямі», у тым ліку разьмешчанымі далёка ад вялікіх аўтамабільных і чыгуначных дарог. Андрэй Клімаў можа апынуцца на самым поўдні краіны ў вёсцы Мышканка Петрыкаўскага раёну – гэта былая вайсковая частка, прыстасаваная пад «хімію». Таксама яго могуць накіраваць ў Зарэчча – яшчэ адзін «воўчы кут» у Рэчыцкім раёне. Ёсьць таксама «хіміі» у Ельскім, Мазырскім, Веткаўскім раёнах. Некаторыя з гэтых спецкамэндатур фактычна разьмешчаныя на тэрыторыі калёній. «Хімікаў» ад «зэкаў» адрозьнівае толькі тое, што іх вывозяць працаваць у мясцовыя калгасы. Ня выключана, што ў такіх умовах Андрэю Клімаву прыйдзецца знаходзіцца да 22 сьнежня, калі сканчаецца тэрмін ягонага пакараньня.

Нагадаем, Андрэй Клімава пакаралі за арганізацыю несанкцыянаванай вулічнай акцыі летась на Дзень Волі. Раней за Клімава за арганізацыю акцый пратэсту адправілі на «хімію» вядомых апазыцыянэраў Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца. Днямі Мікалаю Статкевічу забаранілі адбываць пакараньне ў доме ягонага бацькі і зноў зьмясьцілі ў спецкамэндатуру. Апазыцыйны палітык зьвязаў гэта з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў.
XS
SM
MD
LG