Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачнецца агітацыя за кандыдатаў на прэзыдэнта


Радыё Свабода Сёньня апоўдні Цэнтрвыбаркам на ўрачыстым паседжаньні ў Палацы рэспублікі правядзе рэгістрацыю кандыдатаў на прэзыдэнцкія выбары 19 сакавіка. Чакаецца, што імі стануць лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, лідэр БСДП “Грамада” Аляксандар Казулін, дзейны кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка і кандыдат ад аб’яднай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч. Сёньня ж ЦВК зарэгіструе давераных асоб кандыдатаў і правядзе жараб’ёўку выкарыстаньня імі эфіру дзяржаўнага радыё і тэлебачаньня, што стане стартам перадвыбарчай агітацыі.

У лідэра ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча сёньня завершыцца мараторый на інтэрвію прэсе, які ён увёў, каб больш актыўна займацца падрыхтоўкай да агітацыйнай кампаніі. У якасьці выключэньня ён заявіў “Свабодзе”:

(Гайдукевіч: ) “Тое, што цяпер выканаў штаб мой, я потым сваім людзям буду ціснуць рукі, якія б вынікі не былі…За гэтыя тыдні яны так прааралі поле, падрыхтавалі, такую працу на сябе ўзялі, што мне застанецца па гэтых дарогах праехаць”.

Іншы прэтэндэнт Аляксандар Казулін кажа, што абсалютна не сумняецца ў сваёй рэгістрацыі і лічыць сябе ды сваю каманду падрыхтаванымі да агітацыйнай кампаніі:

(Казулін: ) “У мяне ёсьць пляны нумар адзін, нумар два, нумар тры, кожны зь іх уключае розныя аспэкты разьвіцьця падзеяў, думаю, што пасьля рэгістрацыі пачнецца самае цікавае”.

Спадар Казулін кажа, што рыхтуе розныя інфармацыйныя сюрпрызы, і нягледзячы на спыненьне перамоваў са штабам Мілінкевіча разьлічвае, што ўдасца дамовіцца зь ім наконт супрацоўніцтва ў справе назіраньня і контрпрапаганды.

(Казулін: ) “Мы будзем праводзіць ясную, зразумелую, дакладную палітыку, якая зыходзіць з пазыцыі перамогі, а не паразы. І тое, што мы даможамся перамогі – гэта відавочна”. Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч паведаміў, што асабіста ён мае распрацаваны плян перадвыбарчых паездак па краіне да 19 сакавіка:

(Мілінкевіч: ) “Будзе некалькі груп, давераныя асобы будуць самастойна наведваць гарады, куды я не даеду, я буду засяроджвацца на больш буйных гарадах, буду спрабаваць атрымаць залі для выступаў, а актывісты будуць безумоўна хадзіць па кватэрах, стаяць у пікетах”.

Спадар Мілінкевіч не выключае, што яго могуць і не зарэгістраваць, тое ж, што ЦВК не дапусьціў на сёньняшняе паседжаньне ягоных давераных асоб – лідэраў партый апазыцыйнай кааліцыі Аляксандар Мілінкевіч назваў слабасьцю ўлады:

(Мілінкевіч: ) “Улада баіцца ўсяго: яна баіцца журналістаў, яна баіцца праўды, нават проста людзей, якія будуць глядзець на працэдуру, што павінна быць вядомая ўсёй краіне”.
XS
SM
MD
LG