Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да акцыі салідарнасьці далучыліся Варшава, Прага, Стакгольм


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Польшчы і іншых эўрапейскіх краінах адбыліся акцыі салідарнасьці з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

З кожным разам геаграфія акцыяў у падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі ў Польшчы і ва ўсёй Эўропе пашыраецца. Сёньня дэманстрацыі, пікеты, мітынгі і канцэрты адбыліся прынамсі ў дзесяці польскіх гарадах. У Варшаве некалькі сотняў пераважна студэнтаў-палякаў, беларусаў, украінцаў сабраліся ў самым цэнтры, на замкавым пляцы і потым зь дзесяткамі бел-чырвоных сьцягоў і транспарантаў, скандуючы "Свабодныя выбары, свабодная Беларусь!", "Беларусь так, Лукашэнка – не!", "Жыве Беларусь", прайшлі па цэнтральных вуліцах сталіцы, прымацаваўшы напрыканцы акцыі на адным з будынкаў вялізны, даўжынёй прынамсі 4 мэтры, бел-чырвона-белы сьцяг, які будзе вісець там да выбараў.

(Кастэлянец: ) "Мы лічым, што такія акцыі маюць вялікае значэньне. Палякі ўсё больш цікавяцца тым, што адбываецца ў Беларусі. Хутка выбары і гэтыя выбары наўрад ці будуць справядлівымі. Мы ня можам застацца абыякавымі і робім усё, што можам".

Увечары ўдзельнікі дэманстрацыі мелі магчымасьць паслухаць канцэрт вядомага беларускага гурту "Нэйра-дзюбель", які выступіў у Варшаве зь вядомымі польскімі музыкамі.

Падобныя акцыі – пікеты, канцэрты, дэманстрацыі і мітынгі – адбыліся ў Кракаве, Познані, Лодзі ды іншых польскіх гарадах. Пікеты адбыліся ў Бэльгіі, Швэцыі, Чэхіі, Літве ды іншых кранах. Са Стакгольму гаворыць Алесь Ліцьвінчык:

(Ліцьвінчык: ) "Да нас далучыліся швэдзкія сябры зь Лібэральнай партыі. Прамаўлялі палітыкі, а таксама прысутныя беларусы. Гэта ўжо трэці раз акцыя ладзіцца ў Стакгольме".

Арганізатары акцыяў у Эўропе кажуць, што ўжо цяпер пачынаюць падрыхтоўку да дэманстрацыяў празь месяц – напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў эўрапейскія акцыі салідарнасьці зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі павінны быць найбольш моцнымі.
XS
SM
MD
LG