Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч пра вынікі паездкі ў Маскву


Радыё Свабода Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сёньня прэзэнтаваў сваю перадвыбарчую праграму ў Маскве на пашыраным паседжаньні Фэдэральнай палітрады “Саюзу правых сілаў Расеі”, а таксама сустрэўся з прадстаўнікамі расейскай грамадзкасьці, на якой вырашылі стварыць Грамадзкі камітэт расейскай інтэлігенцыі для падтрымкі дэмакратычных выбараў у Беларусі. Аляксандар Мілінкевіч правёў прэсавую канфэрэнцыю.

Галоўнай мэтай сваіх візытаў у Маскву спадар Мілінкевіч назваў разбурэньне вобразу ворага Расеі — гэтак падае дэмакратычную апазыцыю беларуская ўлада. Спадар Мілінкевіч кажа, што гэта ўдаецца падчас размоваў, і таму трэба пашыраць кола сустрэчаў:

(Мілінкевіч: ) “Мы ня ворагі, але мы самастойная дзяржава і будуем дачыненьні на базе партнэрства і добрасуседзтва. Мы не будуем адзінай дзяржавы, таму што яна паказала, што гэта міт, нерэальнасьць. Але трэба будаваць добрыя дачыненьні на базе эканомікі, найперш – на базе двухбаковых дамоваў. А калі мы кажам, што мы ня хочам выхаду з СНД ці ЭўАзЭС, гэта сьведчыць пра тое, што мы прадказальныя партнэры, там ёсьць шмат недасканаласьцяў, але ёсьць і плюсы, і таму трэба глядзець, як іх удасканаліць — а можа, калі яны нам не патрэбныя, то калісьці і выходзіць. Але вельмі важна сёньня паказаць пераемнасьць”.

Аляксандар Мілінкевіч пасьля сваіх сёньняшніх сустрэчаў у Маскве высока ацаніў ініцыятыву расейскай інтэлігенцыі — стварэньне Грамадзкага камітэту для падтрымкі дэмакратычных выбараў у Беларусі:

(Мілінкевіч: ) “Калі нас падтрымлівае эліта грамадзкіх рухаў, пісьменьнікі, людзі мастацтва, гэта вельмі важна, таму што ўплыў гэтых людзей не вымяраецца колькасьцю асобаў. Дзякуючы іх дзейнасьці гэты ўплыў вельмі шырокі”.

Спадар Мілінкевіч усьцешаны падтрымкай беларускай дэмакратыі з боку “Саюзу правых сілаў Расеі”, які арганізаваў сустрэчы і прэзэнтацыю ягонай праграмы ў Маскве:

(Мілінкевіч: ) “Мы супрацоўнічаем з тымі, хто хоча супрацоўнічаць, кожная працягнутая рука вельмі важная. Яны сёньня сапраўды не прадстаўлены ў Думе, але гэта ўплывовыя групы палітыкаў. Акрамя таго, сёньня была важная магчымасьць сустрэцца з прэсай, на прэсавай канфэрэнцыі былі прадстаўлены больш за восемдзесят выданьняў, тэлеканалаў — гэта прарыў у інфармацыйнае поле”.
XS
SM
MD
LG