Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палякі ініцыявалі спрашчэньне Эўразьвязам правілаў памежнага руху


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Эўрапейскі парлямэнт ухваліў дакумэнт аб памежным руху, паводле якога жыхары тэрыторыяў, якія знаходзяцца не далей чым 50 кілямэтраў ад мяжы з краінамі Эўразьвязу (прыкладам, Беларусі), атрымаюць магчымасьць спрошачнага наведваньня гэтых краінаў.

Асобы, якія жывуць у памежных рэгіёнах прынамсі год, змогуць атрымаць адмысловае пасьведчаньне – дазвол на перасячэньне мяжы паводле спрошчаных правілаў памежнага руху. На падставе гэтага пасьведчаньня грамадзяне, прыкладам, Беларусі, што жывуць не далей чым за 50 кілямэтраў ад мяжы з Польшчай, змогуць наведваць польскія мясцовасьці, што знаходзяцца не далей чым 50 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю.

Дакумэнт, ухвалены Эўрапарлямэнтам, дае права краінам Эўрапейскага зьвязу самастойна вырашаць, ці прапаноўваць суседнім дзяржавам, якія не належаць да Эўразьвязу, падпісаньне дамоўленасьці аб спрошчаным памежным руху.

Польскія дэпутаты Эўрапарлямэнту былі аднымі з галоўных ініцыятараў гэтага дакумэнту і неаднаразова заяўлялі, што рабілі гэта менавіта з увагі на суседзтва Польшчы з Украінай і Беларусьсю.

"Гэтае рашэньне паказвае, што краіны Эўразьвязу адкрываюць межы ня толькі паміж сабой, але і для суседзяў. Жыхары памежных рэгіёнаў змогуць перасякаць мяжу з паднятай галавой, без неабходнасьці зьвяртацца ў консульствы і чакаць на візы", заявіла дэпутатка ад Польшчы Генавэфа Грабоўска.
XS
SM
MD
LG