Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі расейскай інтэлігенцыі – за дэмакратыю ў Беларусі


Радыё Свабода Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сёньня прадставіў сваю перадвыбарчую праграму ў Маскве на пашыраным паседжаньні Фэдэральнай палітрады “Саюзу правых сілаў Расеі”. Перад гэтым ён сустрэўся з прадстаўнікамі расейскай грамадзкасьці, на якой вырашана стварыць Грамадзкі камітэт расейскай інтэлігенцыі ў падтрымку дэмакратычных выбараў у Беларусі.

Аляксандар Мілінкевіч на сустрэчы з прадстаўнікамі маскоўскай інтэлігенцыі заявіў, што беларуская апазыцыя зьяўляецца шчырым сябрам Расеі. Гаворачы пра сытуацыю ў Беларусі, спадар Мілінкевіч зазначыў, што ўсё больш людзей прагнуць свабоды — свабоды асобы, свабоды выказваньня думак і эканамічнай свабоды.

На сустрэчы, арганізаванай “Саюзам правых сілаў”, прагучала прапанова Алы Гербер, прэзыдэнта расейскага фонду “Галакост”, аб стварэньні Грамадзкага камітэту расейскай інтэлігенцыі ў падтрымку дэмакратычных выбараў у Беларусі. Да ініцыятывы спадарыні Гербер добра паставіліся пісьменьніца Марыэта Чудакова, старшыня Маскоўскай Хэльсынскай групы Людмілай Аляксеева, дырэктар музэю Ўладзімера Высоцкага Мікіта Высоцкі, праваабаронца Сяргей Кавалёў ды іншыя дзеячы, якія пагадзіліся ўвайсьці ў аргкамітэт.

Спадарыня Гербер паведаміла “Свабодзе”, што гэты камітэт гатовы інфармацыйна падтрымліваць беларускую дэмакратыю, і ня толькі:

(Гербер: ) “Будзем распрацоўваць мэханізмы, як прыцягваць інтэлігенцыю і для нейкіх эпісталярных жанраў, нейкай пісьмовай падтрымкі, а галоўнае ж — стварыць групы людзей, якія маглі б выяжджаць на выбары і дамагацца таго, каб прысутнічаць на іх”.

Спадарыня Гербер арганізоўвала лісты маскоўскай інтэлігенцыі ў падтрымку Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі, які прайшоў летась, і яна не выключае, што камітэт будзе працаваць для падтрымкі беларускай дэмакратыі і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Размова з Аляксандрам Мілінкевічам зрабіла на спадарыню Гербер самае лепшае ўражаньне:

(Гербер: ) “Я ўбачыла інтэлігентнага, разумнага чалавека, які дакладна думае, чуе, пра што яго пытаюць, бачыць твары людзей — зусім адэкватнага чалавека. Я думаю, што Беларусь ужо засумавала па такім чалавеку — стрыманым, разумным, высакародным і годным. Час ужо, 21 стагодзьдзе”.

На думку спадарыні Гербер, расейская ўлада падтрымлівае Лукашэнку, але прыглядаецца і да апазыцыі:

(Гербер: ) “Але паколькі сама апазыцыя, тым больш дэмакратычная, тым больш аб’яднаная, іх апрыёры палохае, бо яны ня хочуць, каб тое ж самае было ў нас, то для іх гэта пытаньне. Думаю, яны яшчэ не прынялі ніякага рашэньня”.

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў штаб-кватэры “СПС” Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што не плянуе рэвалюцыяў, але дзейны кіраўнік Аляксандар Лукашэнка “можа давесьці людзей да таго, што людзі выйдуць на вуліцы”. У такім выпадку спадар Мілінкевіч паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб гэтыя дзеяньні былі выключна мірнымі. Аляксандар Мілінкевіч паведаміў, што ніякіх кантактаў з Аляксандрам Лукашэнкам ён ня мае і што ён не гатовы гарантаваць яму бясьпеку, калі зьменіцца ўлада. Разам з тым, Аляксандар Мілінкевіч не выключае, што пасьля выбараў могуць быць рэпрэсіі супраць яго і ягоных прыхільнікаў. Свой цяперашні рэйтынг спадар Мілінкевіч ацаніў на 24%, спасылаючыся на зьвесткі незалежных сацыёлягаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG