Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі пачалася кампанія салідарнасьці з дэмсіламі Беларусі (абноўлены)


Радыё Свабода Адзінаццаць грамадзкіх арганізацыяў Латвіі заклікаюць жыхароў краіны выказаць сваю салідарнасьць з суседняй Беларусьсю. Інэса Лоцэ, выканаўчы дырэктар арганізацыі “Адкрытая Беларусь”, якая каардынуе кампанію салідарнасьці, гаворыць, што да яе далучыліся “Латвійская трансатлянтычная арганізацыя”, “Рада латвійскай моладзі”, “Эўрапейскі рух у Латвіі” ды іншыя.

(Лоцэ: ) “У кожнай арганізацыі, што стварылі кааліцыю, існуюць свае прычыны для гэтага. Прыкладам, моладзевая рада хоча паказаць перадусім сваю салідарнасьць зь Беларускім зьвязам моладзевых і грамадзкіх арганізацыяў “Рада”, якую нядаўна зачынілі беларускія ўлады. “Рада” была партнэрам нашай моладзі на ўзроўні няўрадавых арганізацыяў. У нашай арганізацыі ў Беларусі таксама ёсьць сябры і партнэры. Гэтак мы хочам выказаць сваю салідарнасьць зь імі”.

Пачаткам першай сумеснай акцыі стала адкрытая дыскусія аб сытуацыі ў Беларусі, якая прайшла сёньня пад эгідай прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Латвіі. На ёй выступілі старшыня парлямэнцкай камісіі ў міжнародных справах Вайра Пааглэ, прадстаўнік Фонду Сораса ў Латвіі Пэтар Вінцэўс, старшыня “Адкрытай Беларусі” Эва Купца ды іншыя.

А восьмай гадзіне вечара ля сьценаў амбасады Беларусі ў Рызе і беларускага консульства ў Даўгаўпілсе будуць запаленыя сьвечкі салідарнасьці. Спадарыня Лоцэ кажа, што акцыя салідарнасьці з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, якая распачалася сёньня, ня мае пэўнага тэрміну:

(Лоцэ: ) “Акцыя ня мае часавых межаў. Хаця на дадзены момант мы, зразумела, глядзім на прэзыдэнцкія выбары ў сакавіку. Гэта не адзіная акцыя”.
XS
SM
MD
LG