Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дж.Гаўард: параўнаньне дзеяньняў рэжыму Хусэйна і амэрыканцаў – некарэктнае


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У сераду аўстралійскі тэлеканал "Эс-Бі-Эс" паказаў новыя фотаздымкі і відэазапісы жорсткага абыходжаньня зь вязьнямі ваеннай турмы Абу-Грэйб пад Багдадам, зробленыя, як мяркуецца, напрыканцы 2003 году. Міністэрства абароны ЗША назвала новую публікацыю кадраў “шкоднай”.

Аўтары тэлепраграмы папярэдзілі гледачоў, што здымкі зробленыя ў 2003 годзе і што на іх адлюстраваныя забойствы, катаваньні і сэксуальныя прыніжэньні. Частка здымкаў аналягічная тым, што былі паказаныя раней, асобныя ж яшчэ больш ашаламляюць жорсткасьцю. На іх – нябожчыкі, раны і экскрэмэнты на целах, сэксуальныя акты пад прымусам, цкаваньне сабакамі. Менавіта тое, што асабліва абразьлівым для сябе лічаць арабы.

Прадусар праграмы Майк Кэры заявіў, што тэлеканал атрымаў некалькі сотняў новых здымкаў і відэакадраў. Аднак ён не назваў крыніцы, адкуль здымкі атрыманыя. Толькі дадаў, што і іншыя мэдыі маюць да іх доступ. Самыя жахлівыя кадры аўтары праграмы вырашылі не паказваць.

Пэнтагон адразу ж заявіў, што сьледчыя, якія расьсьледавалі гэтую справу раней, ужо бачылі гэтыя кадры. А тыя 25 вайскоўцаў, якія мелі дачыненьне да зьдзекаў у турме Абу-Грэйб, былі пакараныя. Амэрыканскае ваеннае ведамства падкрэсьліла, што гэтыя здымкі могуць яшчэ больш распаліць жарсьці і справакаваць новыя акты гвалту па ўсім сьвеце. Гэтай жа думкі прытрымліваецца і дзярждэпартамэнт ЗША. Гаворыць Джон Бэлінгер, дарадца ў юрыдычных пытаньнях дзяржсакратара Кандалізы Райс:

(Бэлінгер: ) “Гэтыя новыя здымкі мярзотныя. Яны яшчэ раз паказваюць агідныя дзеяньні, што рабіліся ў Абу-Грэйбе. Гэта дрэнна, што здымкі працягваюць публікавацца, бо, на маю думку, яны распальваюць тыя пачуцьці, якія нясуць раскол па ўсім сьвеце”.

У свой час прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заяўляў, што зьдзекі ў “Абу-Грэйбе” былі зьявай ганебнай і недапушчальнай. Некарэктнасьць параўнаньня дзеяньняў рэжыму Садама Хусэйна і амэрыканскіх вайскоўцаў у Іраку сёньня ж падкрэсьліў Джон Гаўард – прэм’ер-міністар Аўстраліі – краіны, чые войскі ўваходзяць у шматнацыянальныя сілы, што знаходзяцца ў Іраку.

(Гаўард: ) “Я магу адразу сказаць у абарону амэрыканцаў – яны зрабілі ўсе наеабходныя дзеяньні. Але вось у чым розьніца з Садамам Хусэйнам – пры ягоным рэжыме сотні тысяч людзей былі закатаваныя ці забітыя. Ніякіх фотаздымкаў і ніякіх пакараньняў. Людзей проста зьнішчалі, таму давайце ня будзем рабіць памылковыя параўнаньні, нібыта там ёсьць нейкія маральныя эквіваленты”.
XS
SM
MD
LG