Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзяды-1988: пачатак станаўленьня беларусаў як палітычнай нацыі


Радыё Свабода Найноўшая гісторыя Беларусі багатая на падзеі. Адраджэньне мовы, традыцый, вяртаньне старажытных сымбаляў дзяржаўнасьці, фармаваньне апазыцыі, зьяўленьне палітычных партый, незалежных СМІ... Усьлед – разгон мірных дэманстрацый і мітынгаў, рэпрэсіі супраць іншадумцаў, палітычных праціўнікаў, згортваньне нацыянальнага адраджэньня... Пра ўсё гэта – у новым цыклі “Свабоды” “Яны былі першымі”. А пачынаем мы зь перадачы пра першае звальненьне па палітычных матывах у часы перабудовы.

Сучасныя гісторыкі лічаць, што найноўшая гісторыя Беларусі пачынаецца зь ліпеня 1990 году – прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Гісторык Уладзімер Арлоў выказаў такое меркаваньне:

(Арлоў: ) “Я думаю, такой кропкай адпраўной трэба лічыць падзеі 1988 году: 19 кастрычніка, калі быў утвораны “Мартыралёг Беларусі” і аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту, якія пачалі вельмі актыўна дзейнічаць, што выявілася ў тых векапомных Дзядах 30 кастрычніка. Менавіта з тых падзеяў у маім ўяўленьні і пачынаецца пэрыяд, які гісторыкі называюць станаўленьнем беларусаў як палітычнай нацыі”.

Канец 1980-х. Перабудова, росквіт дэмакратыі, галоснасьці... Прынамсі, так казалі тады ў Маскве. Але ў Беларусі ўсё было па-іншаму…

Увосень 1988 году Беларускі фонд культуры зьвярнуўся ў Менгарвыканкам з просьбай дазволіць 30 кастрычніка правесьці мітынг у Курапатах. Спачатку дазволілі, і ў газэце “Вячэрні Мінск” нават зьявіліся некалькі адпаведных абвестак. Але потым чыноўнікі схамянуліся і забаранілі мерапрыемства. З фармулёўкай “у сувязі з адсутнасьцю ў горадзе традыцыі правядзеньня Дня памяці... і ў зьвязку з правядзеньнем урачыстасьцяў, прысьвечаных 70-годзьдзю ВЛКСМ”.

Але сотні беларусаў спачатку прыйшлі на Маскоўскія могілкі, а пасьля сутычкі зь міліцыянтамі рушылі ў Курапаты. Упершыню тады ўлады выкарысталі сілу, вадамёты, сьлезацечны газ.

Распавядае тагачасны намесьнік галоўнага рэдактара газэты “Чырвоная змена” Анатоль Зэкаў:

(Зэкаў: ) “Напярэдадні нас зьбіралі ў ЦК партыі, там рыхтаваліся да гэтых падзей, якія потым і адбыліся. Многія з тых, хто ішоў туды, былі наіўнымі… А мы ведалі, што там будзе, бо нас папярэдзілі: не хадзіць журналістам. Я давёў сваім журналістам: не магу вас туды пасылаць, але не магу і забараніць…Я сказаў, што я там буду. Уразіла, што ўбачыў сваіх калег…”

Пасьля разгону Дзядоў некалькі дзён усе сродкі масавай інфармацыі маўчалі. Ніводнага радка не было ні ў “Звяздзе”, ні ў “Советской Белорусии” – органах ЦК КПБ. Галоўныя рэдактары не рызыкавалі. Ня бралі адказнасьці на сябе, каб даць хоць проста інфармацыю пра тое, што адбылося. Затое зьявіліся невялікія сюжэты ў радыёпраграме “Беларуская маладзёжная” і тэлепраграме “Крок”. Праўда, моцна скарочаныя Галоўлітам. Генадзь Бураўкін на той час быў старшынём Дзяржтэлерадыёкамітэту.

(Бураўкін: ) "Для гэтага трэба было ўзяць адказнасьць на сябе. Сьвядома ўзяць на сябе, ведаючы, што гэта проста так ня пройдзе. Тады, калі я бачыў, што ідзе гаворка пра рэчы бясспрэчныя, сур''ёзныя, я ж ня мог пагадзіцца на хлусьню, няпраўду, хаця ведаў "лінію партыі".

Пры канцы тыдня зьявіліся матэрыялы ў тыднёвіку “Літаратура і мастацтва” і ў “Чырвонай змене”. Паслухаем намесьніка галоўнага рэдактара “Чырвонай змены” Анатоля Зэкава:

(Зэкаў: ) “Гэты матэрыял здымаўся два разы. Быў страх у рэдактара. Потым субота, тыдзень заканчваўся, не было сэнсу цягнуць. Я сабраў калектыў: “Я гэты матэрыял даю”. Доўга думаў перад гэтым, не адна ноч была бяссонная. Калектыў аднадумцаў сказаў: “Анатоль, ня трэба гэтага рабіць...” Але я падумаў: калі не зраблю гэта зараз, я не зраблю гэтага ніколі…”

Дарэчы, артыкул тады падпісалі ўсе журналісты газэты, якія былі на мітынгу. Адначасова зьявілася цэлая падборка на тэму разагнаных “Дзядоў” у “ЛіМ”е: калёнка рэдактара, артыкулы Віктара Карамазава, Яўгена Будзінаса і падборкі чытацкіх лістоў. Тлумачыць тагачасны галоўны рэдактар “ЛіМ”у Анатоль Вярцінскі:

(Вярцінскі: ) “Тое-сёе нам удавалася, паколькі мы былі газэтай паўафіцыйнай, Саюзу пісьменьнікаў, а Саюз пісьменьнікаў тады ўжо бурліў”.

У выніку, рэдактара “ЛіМу" тады проста “паўшчувалі”. А вось “Чырвоная зьмена”, як і “Знамя юности”, была органам ЦК ЛКСМБ. Ну а камсамол – “малодшы брат партыі”. І ЦК КПБ ня змог не адрэагаваць. Узгадвае тагачасны рэдактар “Знамени юности” Аляксандар Класкоўкі:

(Класкоўскі: ) "Ціск быў вялікі. Тады, паколькі была перабудова, улады з аднаго боку палохалі, а зь іншага – баяліся ўжо адкрыта выступаць. Нас з Зэкавым выклікалі пэрыядычна ў аддзел прапаганды ЦК партыі – Савелі Паўлаў тады быў загадчыкам. Мы агрызаліся. Я памятаю, Зэкаў яшчэ верш склаў: "Выклікалі нас да Саўкі, а мы гыркалі з-пад лаўкі"...

Але вернемся па падзеяў лістападу 1988-га. Працягвае Анатоль Зэкаў.

(Зэкаў: ) “На наступны дзень прыехалі з ЦК партыі – загадчык аддзелу ЦК партыі. Можаце ўявіць узровень: у маладзёвую газэту сакратары ЦК камсамолу зрэдку прыяжджалі! Спакойная вялася размова: “Вы паглядзелі з аднаго боку, а можа, трэба зь іншага?” Хаця на здымках там было, як цягнулі людзей міліцыянты… Па-бацькоўску размаўлялі, не было такога, каб кулаком. Яны зразумелі, што з гэтым калектывам, які стаў на такі шлях, ужо нельга так: вокліч, стаяць!.. Але гэта мне каштавала пасады намесьніка галоўнага рэдактара”.

Праўда, зроблена было тое зьнешне вельмі прыстойна: сыходзіў галоўны рэдактар Валеры Плюскоў, і яму шукалі замену. ЦК камсамола зацьвердзіў тады кандыдатуру Ўладзімера Бельскага. Калектыў газэты настойваў, каб новым кіраўніком стаў Анатоль Зэкаў. Нават пікет зладзілі каля Дому друку з плякатамі “Зэкава – у рэдактары!” Да меркаваньня рэдакцыі, натуральна, не прыслухаліся. Пленум ЦК не зацьвердзіў кандыдатуры Зэкава нават намесьнікам...

Журналіст паводле прызваньня, Анатоль Зэкаў потым стаяў ля вытокаў гарадзкой газэты «Добрый вечер», ачольваў «Лясную газэту», працаваў ў часопісе «Вожык». Цяпер актыўна друкуецца ў "ЛіМе". Гаворыць, што застаецца ў душы аптымістам.

(Зэкаў: ) "Жыць і ня верыць – гэта цяжка. Таму заўсёды верыцца ў лепшае. Склаўшы рукі, гэта лепшае ня прыйдзе... Трэба проста ўзгадаць гісторыю, і памятаць, што сядзець, ляжаць можна да пары да часу. Мы самі павінны быць актыўнымі. Я думаю, што беларускі народ, як кажуць, доўга запрагае. Але ж некалі цярпеньне гэта лопне.

Маўчым, як трэба запярэчыць, Маўчым, як трэба закрычаць Маўчым, хоць знаем, што, дарэчы, Нам у думках згоды не прыняць. А нам бы гневам разразіцца, Хаця б адну руку супроць узьвіць. Ды кожны першым быць баіцца, Бо рызыкоўна першым быць…

Гэты верш быў напісаны ў 1972 годзе, калі мне было 17 гадоў..."
XS
SM
MD
LG