Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму БТ не адказвае на пратэсты замежных амбасадаў?


Радыё Свабода Дыпляматычнае прадстаўніцтва ЗША ў Менску чарговы раз вымушана абвяргаць выказваньні палітычных аналітыкаў Беларускага тэлебачаньня. У адмысловай заяве амэрыканскай амбасады гаворыцца, што дзяржаўныя беларускія СМІ сыстэматычна робяць хлусьлівыя выпады супраць ураду Злучаных Штатаў. Раней з падобнымі заявамі на адрас Беларускага тэлебачаньня выступалі амбасады Нямеччыны, Польшчы, Літвы.

Амбасада ЗША ў Менску абураная праграмай Беларускага тэлебачаньня пад назвай “Агент 590”, аўтары якой сьцьвярджаюць, што ўрад Злучаных Штатаў арганізуе і фінансуе кампанію дыскрэдытацыі Беларусі ў вачох міжнароднай супольнасьці. “Калі ўлічыць, што за апошні час у дзяржаўных мэдыях рэзка ўзрос аб’ём непраўдзівай інфармацыі, робіцца відавочным: урад Беларусі спрабуе прадставіць у скажоным выглядзе ЗША і дыпляматычнае прадстаўніцтва гэтай краіны”, — гаворыцца ў заяве. Апроч таго, дыпляматычнае прадстаўніцтва выказвае шкадаваньне ў зьвязку з тым, што беларускі рэжым імкнецца захаваць манаполію на інфармаваньне беларускага грамадзтва праз кантроль над дзяржаўнымі СМІ і стварае адміністрацыйныя перашкоды для недзяржаўнай прэсы.

У прэсавай службе Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі пераконваюць, што аддзел працы са зваротамі грамадзянаў, які існуе ў структуры кампаніі, не атрымліваў пісьмовых заяваў ад замежных дыпмісіяў. Гаворыць супрацоўніца службы Сьвятлана Краскоўская:

(Краскоўская: ) “Звычайна яны кажуць, што нам пішуць. Але насамрэч абмяжоўваюцца зваротамі на інтэрнэт-сайтах ці ў якіхсьці выданьнях. Звычайна ніякіх афіцыйных лістоў на адрас Белтэлерадыёкампаніі не паступае”.

Прэтэнзіі да Беларускага тэлебачаньня маюць ня толькі прадстаўнікі амэрыканскай амбасады. За апошні час патрабаваньні тлумачэньняў ад кіраўніцтва Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі патрабавалі дыппрадстаўніцтвы Нямеччыны, Францыі, Літвы, Польшчы. Пераважна гэты тычыцца асьвятленьня працы консульскіх аддзелаў згаданых краінаў. Аднак, як кажа супрацоўнік амбасады Нямеччыны ў Менску Шміт Ноербэрг, звычайна аўтары сюжэтаў імкнуцца перавесьці праблему ў палітычнае рэчышча.

(Ноербэрг: ) “Такія перадачы Беларускага тэлебачаньня нічым не абгрунтаваныя. У прыватнасьці, былі выказваньні, што ў нас тэндэнцыя адкрываць візы толькі ў тым выпадку, калі заяўнікі бяруць удзел… у апазыцыйных дэманстрацыях. Гэта, канечне, абсалютна неабгрунтавана і сьмешна. І ў гэтым сэнсе мы чакаем прабачэньняў. Аднак ніякай рэакцыі на нашыя запыты няма. Для нас важна, каб была магчымасьць патлумачыць беларускай грамадзкасьці прынцыпы нашай візавай сыстэмы. Але пакуль гэтага зрабіць не ўдаецца, бо, як мне падаецца, падобныя праграмы палітычна матываваныя. Ускосна гэта пацьвярджае і тое, што мы дагэтуль не атрымалі адказу ад Беларускага тэлебачаньня”.

У прэсавай службе Белтэлерадыёкампаніі ўдакладнілі, што, згодна з законам “Аб зваротах грамадзянаў”, цягам месяца дзяржаўная ўстанова мусіць даць пісьмовы адказ на кожны запыт. Аднак, як апавяла супрацоўніца службы Сьвятлана Краскоўская, ліставаньня з замежнымі амбасадамі, акрэдытаванымі ў Беларусі, не вядзецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG