Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зборшчыкаў подпісаў за Мілінкевіча далей выклікаюць у ашмянскую пракуратуру


Радыё Свабода Ашмянская пракуратура правярае заявы грамадзянаў, якіх зборшчыкі подпісаў нібыта ўвялі ў зман: зьбіралі подпісы за Аляксандра Мілінкевіча, а прадстаўляліся як сябры групы Аляксандра Лукашэнкі.

Сёньня тлумачэньні ў пракуратуры давалі Тацяна Клімовіч і Яўген Невядомскі, зборшчыкі подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча. Старшы памочнік пракурора Андрэй Клышэвіч патлумачыў ім, што заявы ад грамадзянаў паступілі ў раённую выбарчую камісію. Маўляў, людзі просяць ануляваць свае подпісы за Аляксандра Мілінкевіча, паколькі яны здабыты падманам — і з гэтае нагоды вядзецца праверка.

Памочнік пракурора Андрэй Клышэвіч адмовіўся паказваць гэтыя заявы і называць людзей, якія іх напісалі. Тацяна Клімовіч патлумачыла супрацоўніку пракуратуры, што на кожным падпісным лісьце стаіць прозьвішча таго, за каго людзі падпісваюцца, і гэта кожны бачыць. Яе вельмі абурыў той факт, што Андрэй Клышэвіч адмовіўся паказваць заявы грамадзянаў. Кажа Тацяна Клімовіч:

(Клімовіч: ) “Я ім адказала, што такога ня можа быць, паколькі на кожным аркушы надрукавана, што мы зьбіраем подпісы за Аляксандра Мілінкевіча. І людзі бачылі, за каго яны ставяць подпісы. Мы такога не рабілі. Я папрасіла, каб мне далі паглядзець заявы. А мне адказалі: нельга”.

Андрэй Клышэвіч адмовіўся і нашаму радыё адказаць, ад каго і колькі паступіла такіх заяваў:

(Клышэвіч: ) “Я вам дакладна сказаць не магу, паколькі яны паступалі не ў пракуратуру, а ў раённую выбарчую камісію”.

Кіраўнік раённага штабу збору подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча Пётра Явідовіч заявіў:

(Явідовіч: ) “Ціск працягваецца, паколькі цяпер пачнецца агітацыйная частка выбарчай кампаніі, людзей трэба запалохаць. Яны і выкарыстоўваюць гэтыя мэтады. Хаця відаць і па супрацоўніках пракуратуры, што ім ня хочацца займацца такой бруднай справай”.

Нагадаю, што ў Ашмяне сабралі за Мілінкевіча 773 подпісы, якія раённая выбарчая камісія прызнала несапраўднымі.
XS
SM
MD
LG