Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч прэзэнтуе сваю праграму ў Маскве


Радыё Свабода Сёньня ў Маскве адбудзецца прэзэнтацыя перадвыбарчай плятформы кандыдата ў прэзыдэнты ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Плянуецца таксама прэс-канфэрэнцыя і сустрэча з маскоўскай інтэлігенцыяй.

Прэзэнтацыя пройдзе на запрашэньне дэмакратычных сілаў Расеі. Паводле Аляксандра Мілінкевіча, нельга адмаўляцца ад такіх кантактаў, бо з Масквой трэба мець нармальныя адносіны. Гэта ўжо чацьвёртая паездка ў Маскву адзінага кандыдата аб’яднанай апазыцыі.

Першы візыт адбыўся ў лістападзе мінулага года, апошні – 6 лютага, пасьля паездкі ў Брусэль і Бэрлін. Тады ў Маскве праходзіла міжнародная канфэрэнцыя "Беларуска-расейскія адносіны: да і пасьля выбараў". Ці ўдаецца ж спадару Мілінкевічу наладзіць эфэктыўныя стасункі з Масквой?

(Мілінкевіч: ) “Гэта можа будавацца і гадамі. Гэта ня значыць, што за пару паездак выправіш тое, чаго не было столькі гадоў. Заўсёды прадстаўніком Беларусі быў толькі Лукашэнка. Ён заўсёды казаў, што тут усе ворагі, акрамя яго. І таму мы едзем прадстаўляць праграму, каб паказаць маскоўскім экспэртам, палітолягам, палітыкам, на чым яна грунтуецца, як мы бачым адносіны яшчэ раз, канкрэтна, з Расеяй. Гэта вельмі важна. Я лічу, што мы будзем працаваць над разьвіцьцём адносінаў не адзін месяц і, можа, не адзін год”.

Спадар Мілінкевіч акрэсьліў характар беларуска-расейскіх адносінаў згодна з плятформай, якая будзе прэзэнтаваная ў Маскве.

(Мілінкевіч: ) “Сёньняшняя пабудова саюзнай краіны – там больш рыторыкі, больш мітаў, чым праўдзівых адносінаў, перш за ўсё эканамічных. Чаму не ідзе справа? Таму што базіс закладзены дрэнны. У эканоміцы ў нас ўсё горш і горш. І мы прапануем прагматычныя адносіны, якія грунтуюцца на ўзаемных дамовах. Мы не зьбіраемся адразу, калі прыйдзем да ўлады, ануляваць усё, што было дамоўлена. Але з часам, калі будзе тэрмін канчацца, будзем новае заключаць заўсёды ўзаемавыгаднае. І непарушнай застаецца незалежнасьць краіны. Мы гуляць у палітычныя аб’яднаньні ня будзем”.

Паводле старшыні Нацыянальнага камітэту Анатоля Лябедзькі, у камандзе адзінага кандыдата аб’яднанай апазыцыі дыскуціравалася пытаньне, ці варта рабіць прэзэнтацыю праграмы і плятформы за межамі Беларусі?

(Лябедзька: ) “Прэзэнтацыя праграмы, якая прайшла ў Брусэлі і ў Вільні, і плятформы адзінага кандыдата, якая адбудзецца ў Маскве, – гэта вельмі істотныя фактары. Міжнародную супольнасьць і нашых суседзяў цікавіць, якой можа быць Беларусь без Лукашэнкі. І мы хочам сказаць, што гэта прагназаваная сытуацыя. Ёсьць яшчэ сындром Украіны. Калі там адбыліся пэўныя падзеі, прыйшла новая каманда, але не аказалася праграмы і пляну дзеяньняў. Мы павінны сказаць загадзя, што такая праграма і такі плян дзеяньняў у нас ёсьць”.

Лідэр Саюзу правых сіл Мікіта Бялых патлумачыў мэты сёньняшняй прэзэнтацыі:

(Белых: ) “Мы лічым, што кандыдат дэмакратычнай апазыцыі Мілінкевіч вельмі слаба прадстаўлены як у расейскіх мэдыях, так і сярод расейскай палітычнай дэмакратычнай эліты. Таму мы дамовіліся, што Саюз правых сіл возьме на сябе функцыі арганізацыі яго візыту ў Маскву і абмеркаваньня яго плятформы, як кандыдата ў прэзыдэнты”.

Вядомы расейскі палітоляг Сяргей Маркаў кажа, што бачыць сэнс у цяперашніх візытах Аляксандра Мілінкевіча ў Маскву.

(Маркаў: ) “Палітыкі павінны займацца прасоўваньнем сваіх палітычных праграм. Як вядома, магчымасьці для Мілінкевіча дзейнічаць унутры Беларусі ў вялікай ступені абмежаваны, і таму ён сваю выбарчую кампанію ў многім праводзіць за межамі Беларусі. З-за аўтарытарнасьці палітычнага рэжыму ў Беларусі атрымоўваецца, што апазыцыя ў Беларусі носіць ня столькі ўнутраны, колькі зьнешні характар. Я лічу, што такія людзі, як Мілінкевіч, як і іншыя палітыкі, павінны мець магчымасьць праводзіць палітычную дзейнасьць унутры краіны больш свабодна, чым яны гэта могуць рабіць цяпер”.

Паводле Сяргея Маркава, спадар Мілінкевіч параўнальна зь Зянонам Пазьняком памяркоўны палітык. Але ў Маскве ня ўсе гэта разумеюць.

(Маркаў: ) “Мілінкевічу тут трэба пераадолець падазрэньне, якое існуе адносна яго ў Расеі, што ён належыць да русафобскага крыла і што прыкладна гэтак, як Юшчанка, у выпадку свайго прыходу да ўлады, ён будзе праводзіць палітыку антырасейскую. Вось гэтыя перакананьні ён спрабуе пераадолець”.
XS
SM
MD
LG