Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Кармілкін


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Сёньня, 15 лютага – дзень нараджэньня Ўладзімера Кармілкіна, незалежнага журналіста й фатографа, які яшчэ пры жыцьці здабыў сабе славу летапісца БНФ і ўсяго беларускага адраджэньня. У гэты дзень за сталом у спадара Кармілкіна можна было сустрэць Зянона Пазьняка, Юрыя Хадыку, вядомых мастакоў, літаратараў, музыкаў. Іхнія клопаты й памкненьні былі і справаю яго жыцьця.

Безь ягонай рухавай цыбатай постаці я не магу ўзгадаць, здаецца, ніводнай вулічнай апазыцыйнай акцыі, дзе ён заўсёды апынаўся ў самым небясьпечным месцы. Памятаю, як на Чарнобыльскім шляху ён адарваўся ад аб’ектыву, каб перавязаць параненага і сам атрымаў жорсткі ўдар па галаве.

Кармілкін ня меў найсучасьнейшай оптыкі, але гэта заўсёды кампэнсавалася ягоным таленавітым вострым вокам. Ён зрабіў тысячы здымкаў, многія сотні зь якіх застануцца для нашых наступнікаў у газэтных падшыўках і кнігах.

Ён глядзеў на сьвет ня толькі праз фотааб’ектыў. Неверагодна прыемна было убачыць у яго сваю новую кнігу з закладкай. Ён прасіў мяне напісаць раманы пра гетмана Астроскага і Станіслава Аўгуста Панятоўскага, нашага апошняга манарха.

Сваёй дачцэ, якая стала мастачкай, ён даў рэдкае й прыгожае грэцкае імя – Міліта (Мядовая).

Былы вайсковец, ён быў надзелены нечакана чуйнай душою і талентам сябраваць з многімі, але з асабліва трапяткім пачуцьцём ставіўся да Быкава. Ад’яжджаючы за мяжу, Васіль Уладзімеравіч атрымаў ад Кармілкіна ў падарунак “Пагоню” і бел-чырвона-белы сьцяжок, зь якімі не расставаўся да сваіх апошніх дзён.

Паводле афіцыйнага пасьведчаньня аб сьмерці жыцьцёвы шлях спадара Ўладзімера абарваўся пры нявысьветленых да канца абставінах 14 ліпеня 2002 году. Але гэтая дата ўмоўная. Кармілкіна знайшлі ў кватэры толькі празь некалькі дзён пасьля таго, як спынілася ягонае вальналюбнае беларускае сэрца.

Да болю шкада, што ён не пасьпеў зафіксаваць на стужку хроніку нашай будучай перамогі, у якую так верыў.

Не пагаджайцеся з тымі, хто кажа, нібыта незаменных людзей не існуе. Мінулася амаль чатыры гады, як Уладзімера Кармілкіна няма з намі, а яго месца летапісца змаганьня за дэмакратычную Беларусь па-ранейшаму застаецца вакантным...
XS
SM
MD
LG