Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амэрыканскія кангрэсмэны – на беларускай "Свабодзе"


Радыё Свабода Міжнародны камітэт Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласаваў за рэзалюцыю з патрабаваньнем да ўраду Беларусі забясьпечыць, каб прэзыдэнцкія выбары былі свабоднымі і сумленнымі.

Перад галасаваньнем дырэктар беларускай “Свабоды” Аляксандар Лукашук узяў інтэрвію ў ўплывовага кангрэсмэна Джона Шымкуса.

Джон Шымкус – рэспубліканец, сябра Кангрэсу ад штату Ілінойс. У Палаце прадстаўнікоў – пяты тэрмін. Ён прадстаўляе ЗША ў Парлямэнцкай асамблеі НАТО. Уганараваны літоўскім Крыжом Гедыміна.

(Карэспандэнт: ) "Якую ролю магла б адыграць Расея ў дэмакратызацыі Беларусі?"

(Шымкус: ) "Я думаю, яна маглі б граць вялікую ролю, калі яна хоча гэтага. Яны маглі б падштурхнуць, заахвоціць рэжым Лукашэнкі правесьці вольныя і справядлівыя выбары. Цікава, чаму яны гэтага ня робяць. Гэта прымушае ставіць пытаньне наконт сапраўднай адданасьці Масквы дэмакратыі і свабодзе. Было б добра. калі б яны верылі, што гэта будзе добра і для народаў Расеі і Беларусі – мець дэмакратычнае кіраўніцтва".

(Карэспандэнт: ) "Якія варыянты застануцца ў заходніх краінаў пасьля 19 сакавіка?"

(Шымкус: ) "Я вельмі задаволены тым, што Эўрапейскія краіны зараз нашмат болей уцягнутыя ў беларускую праблему. Мы працавалі разам два тыдні таму дзеля прыняцьця рэзалюцыі, якая будзе абмеркаваная, і я спадзяюся, прынятая. Міжнароднай супольнасьці прыйдзецца прыняць некаторыя рашэньні наконт таго, як ставіцца да апошняй дыктатуры ў Эўропе.

Што мы зараз можам зрабіць, каб заахвоціць адкрытасьць і здольнасьці да кожнага чалавека выказаць свой голас. Я ня ведаю, які будзе наступны крок. Я, канечне, хацеў бы спадзявацца, што адбудуцца свабодныя і справядлівыя выбары. Але галоўная праблема ў магчымасьці для апазыцыйнага кандыдата атрымаць доступ да мэдыяў, у хадзе кампаніі, якая, на думку многіх, будзе скрадзеная Лукашэнкам".

***

Адразу ж пасьля галасаваньня Аляксандар Лукашук пагутарыў з кангрэсмэнам ад штату Флорыда, дэмакратам Робэртам Вэксьлерам. Ён таксама ўжо пяты тэрмін выбіраецца ў Палату прадстаўнікоў.

(Карэспандэнт: ) "Што сёньня адбылося ў кангрэсе і якія могуць быць яго наступныя крокі?"

(Вэксьлер: ) "Кангрэс ЗША шчыра хоча дапамагчы, каб выбары ў Беларусі былі сумленнымі і каб яны адкрылі новую будучыню для Беларусі, і каб Беларусь стала паўнавартасным гульцом у міжнароднай супольнасьці.

Мы жадаем пасьпяховых выбараў, каб зь імі Беларусь увайшла ў тыя працэсы, якія адбываюцца ва Ўкраіне і Грузіі. І хоць гэтыя працэсы адбываюцца не без перашкодаў, не бяз цяжкасьцяў, будучыня Беларусі ў большай дэмакратыі, большай свабодзе, большых кантактаў з Заходняй Эўропай і Злучанымі Штатамі.

З гэтым прыйдзе эканамічнае супрацоўніцтва і ўдзел у ім беларускага народу. На гэта спадзяецца Кангрэс ЗША".

(Карэспандэнт: ) "А калі гэтага не адбудзецца, якой можа быць рэакцыя Кангрэсу ЗША і амэрыканскіх партнэраў у Эўропе?"

(Вэксьлер: ) "Мы спадзяемся, што гэта адбудзецца. Калі ж гэтага не адбудзецца, то будуць наступствы ў залежнасьці ад паводзінаў уладаў. Калі паводзіны будуць нэгатыўнымі, калі будзе аказвацца ціск на дэмакратыю, тады Злучаныя Штаты будуць рабіць адпаведныя крокі. Гэта ня ёсьць пагрозай. І гэта ня ёсьць спробай уплываць на вынікі выбараў. Гэта проста спроба заахвоціць працэсы, якія прынясуць карысьць народу Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "Гэтая рэзалюцыя будзе наступным дакумэнтам пасьля прыняцьця "Акту аб дэмакратыі ў Беларусі", які дае ўсеагульныя рэкамэндацыі ў пытаньні Беларусі. А якія наступныя крокі вы прадбачыце ў рамках законатворчага працэсу?"

(Вэксьлер: ) "Што датычыць гэтай рэзалюцыі, я чакаю, што яна даволі хутка пройдзе праз Палату прадстаўнікоў і будзе падтрымана пераважнай большасьцю кангрэсмэнаў. А далей мы будзем назіраць за тым, што адбываецца ў Беларусі. І будзем спадзявацца, што наступіць паварот да лепшага".
XS
SM
MD
LG