Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леванеўскі плянуе напісаць кнігу пра турэмнае жыцьцё


Радыё Свабода Сваякі Валера Леванеўскага сустрэліся зь ім ў калёніі. Вязень распавёў пра нядаўняе знаходжаньне ў карцэры, масавую галадоўку зьняволеных і свае пляны напісаць кнігі ўспамінаў аб турэмным жыцьці.

Турэмнае жыцьцё багатае ня толькі канфліктамі з адміністрацыяй, але і назіраньнямі за паводзінамі людзей у экстрэмальных умовах. Такая выснова спарадзіла ў Валера Леванеўскага ідэю неадкладна пачаць працу над успамінамі аб часе, праведзеным за кратамі.

Нагадаю, у няволі лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў знаходзіцца з траўня 2004 году і праз тры месяцы яго мусяць адпусьціць на волю.

Пра пляны неадкладна засесьці за кнігі і кінасцэнары аб турэмным жыцьці Валер Леванеўскі паведаміў сваякам сёньня падчас спатканьня, якое адбылося ў Івацэвіцкай калёніі. Напярэдадні вязень два тыдні правеў у карцэры, а яшчэ раней галадаваў, пратэстуючы супроць парушэньня ягоных правоў. Але наўрад ці толькі бурлівы характар Валера Леванеўскага спрычыніўся да таго, што цяпер, падчас спатканьняў, яму не дазваляюць размаўляць на некаторыя тэмы.

Вось што пра сёньняшняе спатканьне з бацькам распавёў сын вязьня Ўладзімер Леванеўскі:

(Уладзімір Леванеўскі: ) “Нам забаранілі браць асадкі і нешта запісваць з размоваў. А калі бацька пачаў распавядаць, што ў калёніі былі спробы суіцыду, калі вязьні рэзалі самі сябе, то кантралёры спынілі аповед, сказаўшы, што пра гэта казаць забаронена”.

Паводле Ўладзімера Леванеўскага, ягонаму бацьку гэтак і не дазволілі патлумачыць сваякам, за што насамрэч апошні раз яго пасадзілі на два тыдні у карцэр. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Леванеўскага пакаралі нібыта за спробу перадаць на волю ліст праз вязьня, які вызваляўся з калёніі.

У студзені зьявілася інфармацыя пра тое, што нібыта ў Івацэвіцкай калёніі пачалася масавая галадоўка вязьняў, якія пратэставалі супроць незаконных дзеяньняў адміністрацыі. Уладзімер Леванеўскі кажа, што бацька пацьвердзіў гэтыя зьвесткі. Ён сказаў, што пасьля галадоўкі ў калёнію прыяжджала група тэлежурналістаў, але сустрэцца зь імі яму не удалося, бо яго адмыслова перавялі ў іншую камэру. Нагадаю, што кіраўніцтва дэпартамэнту выкананьня пакараньняў пасьля зьяўленьня зьвестак пра масавую галадоўку абвяргала гэты факт.

Уладзімер Леванеўскі паведаміў таксама, што ягоны бацька скардзіцца на стан здароўя і на тое, што турэмныя дактары гэтак і не правялі мэдычнага абсьледаваньня. Яшчэ адной навіной ад вязьня была падзяка за ўвагу пэрсанальна да яго і да тэмы ўмоваў у беларускіх турмах. Паводле Леванеўскага, нейкім чынам да вязьняў даходзіць тое, што пра іх жыцьцё паведамляюць недзяржаўныя мэдыі і ў тым ліку Радыё Свабода.

***

Нагадаем, Валер Леванеўскі быў асуджаны на два гады калёніі за паклёп на прэзыдэнта. Паклёп суд убачыў ў словах, якія гарадзенскі прадпрымальнік адрасаваў сваім калегам ва ўлётцы. “Прыйдзі і скажы, што ты супроць таго, каб нехта за твой кошт езьдзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць ў сваё задавальненьне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG