Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане пахавалі лідэра апазыцыі


Радыё Свабода У Алма-аты адбылося пахаваньне Алтынбека Сарсэнбайулы -- забітага два дні таму аднаго зь лідэраў казахскай апазыцыі. Удзельнікі жалобнай цырымоніі ў сваіх прамовах абвінавацілі ўлады краіны ў датычнасьці да забойства былога міністра інфармацыі. У той жа час улады заяўляюць, што палітычныя матывы не маглі быць прычынай сьмерці апазыцыянэра.

Нагадаем, целы казахскага апазыцыйнага лідэра Алтынбэка Сарсэнбайулы, разам зь ягоным целаахоўнікам і кіроўцам былі знойдзеныя 13 лютага ў прыгарадзе Алма-Аты.

Сарсэнбайулы быў адным зь лідэраў апазыцыйнай партыі "За справядлівы Казахстан" і былым казахскім амбасадарам у Расеі. Ён быў вядомы сваёй рэзкай крытыкай на адрас кіраўніцтва краіны і асабіста Нурсултана Назарбаева.

Дзяржаўнае агенцтва навінаў Казахстану паведамляе, што Сарсэнбайулы загінуў выпадкова ў часе паляваньня, аднак ягоны дарадца Айдос Сарымаў упэўнены, што гэта не няшчаснае здарэньне, а сплянаванае забойства.

(Дарадца: ) "Сарсэнбайулы быў забіты. Ягоныя рукі былі зьвязаныя за сьпінай. Яму стрэлілі ў галаву. Сьпярша – у лоб, потым – у патыліцу. Няма ніякіх сумневаў, што гэта наўмыснае забойства".

Летась, у лістападзе, у Казахстане быў забіты яшчэ адзін апазыцыйны дзеяч Заманбек Нуркадзілаў.
XS
SM
MD
LG