Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэпутаты Эўрапарлямэнту – за беларускамоўнае вяшчаньне


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў часе сэсіі Эўрапейскага парлямэнту ў Страсбуры адбылося абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі напярэдадні выбараў. Дэпутаты, сярод іншага, заклікалі Эўрапейскую камісію падтрымліваць толькі беларускамоўнае вяшчаньне на Беларусь.

На пачатку абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі выступіў Ганс Вінклер – дзяржаўны сакратар міністэрства замежных справаў Аўстрыі, краіны, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе.

Спадар Вінклер адзначыў, што у Беларусі ўзмацняюцца рэпрэсіі, а кіраўнік дзяржавы робіць усё для самаізаляцыі краіны і не выкарыстоўвае шанцы для дыялёгу зь міжнароднай супольнасьці.

Аўстрыйскі дзяржсакратар заявіў, што Брусэль вітае запрашэньне прадстаўнікоў некаторых эўрапейскіх структураў для назіраньня за выбарамі ў Беларусі, але гэты факт "не мяняе сытуацыі ў Беларусі".

Ганс Вінклер паўтарыў, што Рада Эўразьвязу разглядае магчымасьць увядзеньня санкцыяў супраць Беларусі, калі сакавіцкія выбары ня будуць дэмакратычнымі.

Абмеркаваньне беларускага пытаньня было надзвычай насычаным, выступілі каля двух дзясяткаў дэпутатаў. Прыкладам, дэпутатка ад Нямеччыны Элізабэт Шродтэр, заклікала Эўрапейскі зьвяз усімі магчымымі спосабамі дапамагаць беларускаму грамадзтву, прычым ня толькі напярэдадні выбараў. У сваю чаргу польскі дэпутат Конрад Шыманьскі заявіў, што пытаньнямі Беларусі павінен займацца адмысловы прадстаўнік Эўразьвязу.

(Шыманьскі: ) "Асаблівую ўвагу Эўразьвяз павінен зьвярнуць на падтрымку незалежных мэдыяў, прычым тут трэба супрацоўнічаць зь верагоднымі партнэрамі. Вынікі апошняга конкурсу Эўракамісіі сьведчаць, аб тым, што гэта пакуль ня так".

МІж тым дэпутатка ад Славаччыны Анна Заборска параўнала цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі з тым, што адбывалася ў яе краіне ў лютым 1948 годзе, калі камуністы крывава здушылі ўсялякі супраціў грамадзтва. Паводле яе словаў, тыя, хто ніколі ня жыў пры дыктатуры, ня можа сабе ўявіць, што гэта значыць, а ва ўмовах дыктатуры справядлівыя выбары немагчымыя.

Спадарыня Заборска заклікала Эўрапейскую камісію падтрымліваць толькі беларускамоўнае вяшчаньне на Беларусь.

Іншыя дэпутаты казалі таксама пра неабходнасьць больш актыўных размоваў з Расеяй у беларускіх пытаньнях і выкарыстоўваньні мэханізмаў эўрапейскай палітыкі суседзтва.

Падсумоўваючы дэбаты, сябра Эўрапейскай камісіі Джо Бёрн падкрэсьліў, што Эўрапейскі Зьвяз гатовы больш цесна супрацоўнічаць зь Беларусьсю, у тым ліку і прапаноўваючы карысьці, якія ідуць з палітыкі добрасуседзтва, калі Менск зробіць крокі ў кірунку дэмакратызацыі краіны. Спадар Бёрн адзначыў, што Эўракамісія будзе падтрымліваць незалежнае вяшчаньне на Беларусь, а таксама, сярод іншага, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у выгнаньні.

Рэзалюцыя ў справе сытуацыі ў Беларусі напярэдадні выбараў будзе прынятая заўтра.
XS
SM
MD
LG