Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліквідаванай барысаўскай газэце сёньня спаўняецца 10 гадоў


Радыё Свабода Сёньня спаўняецца 10 гадоў з дня выхаду першага нумару ліквідаванай газэты “Курьер из Борисова”. Калектыў выданьня не распаўся і працягвае выконваць прафэсійныя абавязкі.

Першы нумар “Курьера из Борисова” выйшаў 15 лютага 1996 году. Калектыў спадзяваўся, што газэта будзе існаваць доўга, аднак летась яе выхад быў спынены ўладамі.

Былая рэдактарка “Курьера из Борисова” Людміла Атчанашанка перакананая, што выданьне было ліквідаванае з палітычных матываў:

(Атчанашанка: ) "Я дагэтуль лічу, што закрылі з палітычных матываў. Улады былі не рады нашым крытычным матэрыялам. Гэта – па першае. Па-другое, газэта была пасьпяховай у камэрцыйным пляне. У адрозьненьне ад іх мясцовай выканкамаўскай газэты “Адзінства”".

Нагадаем, афіцыйнай прычынай спыненьня дзейнасьці “Курьера из Борисова” было скасаваньне рэгістрацыі яе выдаўца, якая нібыта была атрыманая з парушэньнямі заканадаўства. З таго часу мінула некалькі месяцаў, але калектыў газэты не распаўся. Журналісты пачалі выдаваць інтэрнэт-газэту “Электронны Барысаў”. Гаворыць Алена Аўтушка – актыўная аўтарка электроннага выданьня:

(Аўтушка: ) “Гэта амаль што валанцёрская праца. Мы зараблялі раней грошы. Зараз мы зарабляем, але намнога менш. І не электроннай вэрсіяй газэты. А іншымі напрамкамі нашай дзейнасьці. Гэта выраб усялякіх друкарскіх дробязяў – візытовак, буклетаў. Зараз мы робім інфармацыйны каталёг”.

Газэта “Курьер из Борисова” была папулярнай у барысаўчанаў – мела больш як 10 тысяч падпісчыкаў. Ці адчуваецца тут зараз яе адсутнасьць?

Гаворыць кіраўнік барысаўскага перадвыбарчага штабу Мілінкевіча Леў Марголін:

(Марголін: ) "Чым яна была для барысаўчан? Як любая незалежная інфармацыя – гэта як глыток паветра. Амаль да апошняга трымаліся. Цяпер засталіся толькі “Барысаўскія навіны”".

(Карэспандэнт: ) "А як вы ставіцеся да электроннай вэрсіі газэты “Курьер из Борисова”?"

(Марголін: ) “Безумоўна, да электроннай вэрсіі я стаўлюся станоўча. Але ж – гэта крыху іншы варыянт. Будзем спадзявацца, што гэтае разьвітаньне з нашай газэтай – ненадоўга, што пройдзе невялікі час і мы зноў сустрэнемся і з гэтай газэтай і з тымі журналістамі”.

Зьнешнія спасылкі: • www.borisov-e.info - Электронны Барысаў (па-расейску)
XS
SM
MD
LG