Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці моцна ўплываюць іншыя дзяржавы на выбарчую кампанію ў Беларусі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 10 лютага) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітоляг Андрэй Суздальцаў, галоўны рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Кірыла Пазьняк.

(Валер Карбалевіч: ) “У беларускім палітычным асяродзьдзі шырока распаўсюджаны пункт гледжаньня, што беларускае пытаньне вырашаецца недзе за межамі Беларусі, ці то ў Маскве, ці ў Брусэлі, ці ў Вашынгтоне.

І ход выбарчай кампаніі актуалізаваў гэтую праблему. Кандыдат у прэзыдэнты ад апазыцыйнай кааліцыі Мілінкевіч пасьля пасьпяховага турнэ па Эўропе на гэтым тыдні паехаў у Маскву разам зь іншым кандыдатам Аляксандрам Казуліным за падтрымкай.

У сваю чаргу беларускія ўлады вельмі занепакоены магчымасьцю імпарту “каляровай рэвалюцыі” з-за мяжы, таму робяць актыўныя захады, каб прадухіліць гэтую небясьпеку: выкрываюць польскіх “шпіёнаў”, робяць больш жорсткім рэжым знаходжаньня іншаземцаў на тэрыторыі Беларусі і іншае.

Ці сапраўды ўплыў вонкавага чыньніка такі вялікі? Можа, гэта міт, перабольшваньне, завышаныя спадзяваньні адных і дарэмныя страхі другіх?”

(Андрэй Суздальцаў: ) “Пытаньне вельмі неадназначнае. Па-першае, у Беларусі існуе закрыты палітычны рынак, які стварае ілюзію, што тут прысутнічае толькі адзін палітычны актор.

Зь іншага боку, закрыты палітычны рынак мае на ўвазе існаваньне вонкавых палітычных сілаў. Спадар Лукашэнка мае ілюзію, што зьяўляецца незалежным кандыдатам у прэзыдэнты. Насамрэч ён поўнасьцю знаходзіцца пад кантролем вонкавых сілаў. Свой трэці тэрмін спадар Лукашэнка “купіў”. І гэтым ён ізаляваў Маскву ад працэсу выбараў у Беларусі.

Цяпер спадар Лукашэнка выціскае з кампаніі спадара Мілінкевіча, які прэтэндуе на адлюстраваньне дэмакратычных, у нейкай ступені заходніх поглядаў на далейшае разьвіцьцё нашай краіны. Спадар Лукашэнка, выкінуўшы ўсіх, фармальна лічыць сябе незалежным ад вонкавага чыньніка. Насамрэч гэты чыньнік на яго моцна ўплывае”.

(Карбалевіч: ) “Дык усё ж такі вонкавы ці ўнутраны чыньнік вызначае грамадзка-палітычныя працэсы, выбары ў Беларусі?”

(Суздальцаў: ) “Я лічу, што велізарнае значэньне мае вонкавы чыньнік. Мы невялікая і вельмі слабая ў эканамічным пляне, палітычна вельмі залежная краіна.

Запомнілася фраза старшыні Палаты прадстаўнікоў Канаплёва ў Страсбуры на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы: не перашкаджайце нам працаваць. Яна шмат што тлумачыць. Спадар Лукашэнка спрабуе ізаляваць Беларусь як уласнае валадараньне, уласны маёнтак ад вонкавых чыньнікаў. У адным выпадку ён разьлічваецца за гэта рэсурсамі, у другім выпадку — выкідвае сваіх палітычных праціўнікаў на ўзбочыну. Фактычна, Лукашэнка ваюе зь сьветам. Паколькі ўнутры краіны няма сур’ёзных праціўнікаў, то ён ваюе з вонкавымі чыньнікамі”.

(Аляксей Кароль: ) “За ўплывам вонкавым стаіць вялікая гістарычная традыцыя. Таму ня дзіўна, што такія меркаваньні жывуць у грамадзтве дасюль. Стагодзьдзямі Беларусь была разьменнай манэтай у спрэчках паміж Захадам і Ўсходам. Прычым разьлічвацца даводзілася захопленымі тэрыторыямі. Заўсёды вонкавы сьвет рэагуе на ўнутраныя палітычныя раздражняльнікі. Цяпер такім раздражняльнікам зьяўляюцца выбары, якія ідуць дастаткова вяла. Выбарчая тэма замоўчваецца афіцыйнай прапагандай. І дэмакратычным кандыдатам цяжка прабіцца скрозь гэтую вату замоўчваньня. У гэтым сэнсе вонкавы чыньнік гуляе важную ролю. Але хавацца, ізалявацца і такім чынам атрымаць перамогу спадару Лукашэнку ня ўдасца.

Таму што гэты рэжым, па сутнасьці, трымаецца на тых датацыях, якія ідуць з Расеі праз цэны на нафту і газ. Некаторыя эканамісты ацанілі аб’ём датацыяў на 8 мільярдаў даляраў. І калі гэты кран перакрываецца, то ніякі гандаль за транзыт не дазволіць кампэнсаваць гэтых грошай. Гэтыя 8 мільярдаў даляраў складаюць 20% валавога ўнутранага прадукту. То бок, залежнасьць існага рэжыму Беларусі ад дапамогі з Усходу вельмі значная. І вагары ўплыву там ёсьць”.

(Карбалевіч: ) “Завастраю пытаньне: лёс Беларусі вырашаецца ў самой краіне ці за яе межамі?”

(Кароль: ) “Найперш беларускае пытаньне вырашаецца ў Беларусі”.

(Кірыла Пазьняк: ) “Вонкавы чыньнік у беларускай палітыцы досыць сур’ёзны. І асабліва ён праяўляецца падчас выбарчых кампаніяў. Але хачу зьвярнуць увагу на каштоўнасную прысутнасьць гэтага вонкавага чыньніка як нейкай гістарычнай дадзенасьці. Бо мы паміж Эўропай і Расеяй.

Улады арыентуюцца на інтэграцыю з Расеяй. Прычым, ня важна — ці гэта рэальная, ці папяровая інтэграцыя. Тут галоўнае — кантэкст. А апазыцыя зарыентаваная на Захад. І з гэтай прычыны таксама ідзе падзел паміж гэтымі палітычнымі сіламі і іхным электаратам у тых прапорцыях, якія сёньня існуюць.

Але паводле сацыялягічных апытаньняў беларусаў, якія хочуць інтэграваць сваю краіну ў Эўропу, з году ў год становіцца болей. Адпаведна мусіць расьці і рэйтынг апазыцыі. Але што тычыцца цяперашняга ўплыву на сытуацыю вонкавага чыньніку, як кажуць, тут і цяпер, на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах, то гэты ўплыў ня варта перабольшваць. А апазыцыя, на мой погляд, яго перабольшвае.

Вось Мілінкевіч багата езьдзіць па Эўропе, мае сустрэчы на высокім узроўні, якіх і блізка няма ў Лукашэнкі. Але ці шмат беларусаў ведае пра іхны сапраўдны зьмест?

Хіба што чытачы незалежнай прэсы да карыстальнікі Інтэрнэту. А гэта малая аўдыторыя. Бальшыня ж беларусаў пра гэтыя падарожжы даведаюцца ў трактоўцы афіцыйнай прапаганды. Ды і шмат хто з дэмакратычнага электарату досыць крытычна ставяцца да гэтага. Бо вонкавы складнік кампаніі Мілінкевіча часам пераважае над унутраным.

І гэтыя людзі кажуць, што на выбарах будуць галасаваць беларусы, а не жыхары Эўразьвязу. Тое ж самае тычыцца і Майдану. Але Мілінкевіч ня можа ня езьдзіць у Эўропу, бо гэта пытаньне рэсурсаў, хоць бы інфармацыйных, якіх апазыцыі бракуе. Плённасьць жа эўрапейскага дэмакратызатарства — гэта асобная гаворка.

А паездка ў Маскву патрэбная спадару Мілінкевічу для іміджавага балянсу. І дарэчы, улады ўспрымаюць такія паездкі досыць раўніва. Уладная прапаганда даводзіць, што гэта ўсё хітрыкі, манэўры апазыцыі, каб падмануць і беларускіх выбарцаў, і Маскву”.

(Карбалевіч: ) “Апазыцыйныя палітыкі, незалежныя экспэрты ўвесь час цьвердзяць пра міжнародную ізаляцыю Беларусі. Пра гэта згадваў і спадар Суздальцаў. Але тут узьнікаюць пытаньні.

Ці адчувае большасьць беларускага грамадзтва гэтую ізаляцыю? А калі адчувае, то ці ўспрымае ізаляцыю як нэгатыў? Можа, Лукашэнка тут лепш разумее грамадзкія настроі, калі ўвесь час падкрэсьлівае, што Беларусь — гэта выспа стабільнасьці ў атачэньні хаосу, канфліктаў, тэрактаў, моцных маразоў, якія пануюць у іншых краінах. Таму пэўная ізаляцыя — гэта нядрэнна, а добра. І таму Лукашэнка і адмяжоўваецца ад падтрымкі нават расейскага саюзьніка.

Падчас ягонага нядаўняга інтэрвію тром беларускім тэлеканалам ён сказаў такую фразу: “Тое, што мяне Крэмль падтрымлівае, — гэта поўны абсурд”. Дык, можа, стаўка Лукашэнкі на ізаляцыянізм дастаткова эфэктыўна?”

(Суздальцаў: ) “На жаль, беларуская прапаганда апошнімі гадамі змагла сьпіс такіх важных для любога народу паняцьцяў, як “сувэрэнітэт”, “незалежнасьць”, “улада” зьвязаць зь імем Лукашэнкі, аб’явіць гэта выбарам беларускага шляху. Народ і ўлада пачуваюць сябе камфортна.

Днямі адна зь дзяржаўных газэтаў так выказалася наконт пагрозы Захаду ўвесьці санкцыі супраць Беларусі: няхай паспрабуюць, у нас Расеі ўваходзіць у “васьмёрку”, яна не дапусьціць. Так вельмі ўтульна сядзець у ціхім кутку, і калі што, то зьвярнуцца за падтрымкай да “старэйшага брата”. Ён нас выратуе, выцягне. Улада апэлюе да народнага меркаваньня. І гэты ізаляцыянізм паклаўся на спрыяльную глебу”.

(Карбалевіч: ) “Але хачу заўважыць, што Беларусь — краіна з адкрытай эканомікай. Больш за 50% валавога ўнутранага прадукту атрымліваецца за кошт замежнага гандлю. Краіна з такой структурай эканомікі адначасова знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі. Тут нейкі вялікі парадокс”.

(Суздальцаў: ) “Ніякага парадоксу няма. Таму што вялізная доля нашага замежнага гандлю зьвязана зь перапрадажай перапрацаваных з нафты нафтапрадуктаў на двух прадпрыемствах. Далей вялікая для нашага экспарту — гэта калійная соль, мэтал і транспартнае машынабудаваньне. Астатнія нашы прадпрыемствы працуюць на ўнутраны рынак, а таксама часткова расейскі, які ўспрымаецца як свой. І пачуваюцца зусім камфортна. Вось гэта страшна. Мы не адчыніліся яшчэ сьвету, нават не зразумелі яго прывабнасьцяў і небясьпекаў.

Афіцыйная прапаганда ж не тлумачыць, што ізаляцыя таксама каштуе грошай”.

(Кароль: ) “Стаўка на ізаляцыянізм — гэта натуральная рыса таталітарнага рэжыму дзеля выжываньні. Калі існуе пагроза ўладзе, тады рэжым кідаецца ў ізаляцыю. І ў гэтым сэнсе ўладны інстынкт працуе правільна. Сацыялягічныя дасьледаваньні інстытута прафэсара Манаева фіксуюць супярэчлівасьць настрояў беларусаў. З аднаго боку, расьце колькасьць людзей, якія імкнуцца інтэгравацца ў Эўропу. Але шмат людзей лічыць, што яны жывуць лепш, чым у Эўропе. Магчыма, гэта ўплыў прапаганды. Чым бы ні скончыліся прэзыдэнцкія выбары, пасьля іх перад любой уладай паўстане пытаньне: што рабіць далей? Ці то будзе варыянт сынгапурызацыі краіны, ці дэмакратызацыі?”

(Пазьняк: ) “У нас ізаляцыянізм зрошчаны з папулярызацыяй незалежніцтва. Спадар Лукашэнка трымаецца курсу на кансэрвацыю грамадзтва. Бо ў больш-менш адкрытай краіне нават сёньняшнія кволыя вонкавыя ўплывы сталі больш эфэктыўнымі, таму, адпаведна, небясьпечнымі для ягонай улады. Можна згадаць нядаўні прыклад Украіны. Прычым, у інфармацыйна-прапагандысцкім пляне мы закрытыя і ад Масквы.

Уявім, што там паставілі на нейкага прамаскоўскага кандыдата і пачалі яго піярыць. Мне здаецца, што беларускія ўлады выйгралі б такую інфармацыйную вайну за кошт фільтраваньня расейскіх каналаў.

Абвяржэньне спадаром Лукашэнкам думкі, што яго падтрымлівае Крэмль, канфлікты з Масквою, якія адбывацца час ад часу, і пры гэтым сьцьверджаньне, што апазыцыя дзейнічае па заходніх сцэнарах — гэта прасоўваньне ў грамадзкай думцы ўстаноўкі: незалежнасьць — гэта я. Незалежніцкіх настрояў у Беларусі апошнім часам стала больш. Прычым, і дзякуючы Лукашэнку, і насуперак яму”.

(Карбалевіч: ) “Штамп афіцыйнай прапаганды адносна апазыцыі выглядае так: гэта заходнія агенты, прадаліся Захаду. У сваю чаргу значная частка апазыцыі абвінавачвае Лукашэнку, што ён маскоўская марыянэтка, прадае Расеі беларускую незалежнасьць. Гэтыя ярлыкі сьведчаць ня толькі пра раскол беларускага грамадзтва ў пытаньні геапалітычнай арыентацыі, якое мае даўнюю гістарычную традыцыю, але і пра спробу палітыкаў апэляваць да каштоўнасьцяў незалежнасьці, выкарыстаць нэгатыўнае стаўленьне насельніцтва да замежнага ўмяшаньня. Дык дзе знаходзіцца балянс паміж імкненьнем палітычных сілаў атрымаць замежную падтрымку і пазыцыянаваць сябе як патрыётаў, выразьнікаў інтарэсаў Беларусі?”

(Суздальцаў: ) “Пытаньне крытычна важнае. Мы не працуем сыстэмна ні з Захадам, ні з Расеяй. Мілінкевіча добра прынялі ў Эўропе. Іміджавая дапамога была зробленая вельмі прыгожа і акуратна. Але гэта праект. Мы павінны ўвайсьці ў агульнаэўрапейскі палітычны кантэкст. Каб туды ўвайсьці, нам патрэбен новы праект: Беларусь ХХІ стагодзьдзя. Там мы маглі б адказаць на сур’ёзныя праблемы, растлумачыць, як мы будзем зарабляць сабе на жыцьцё, як краіна зможа існаваць. Таму што пры цане 107 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў газу, нашая эканоміка разваліцца на працягу двух месяцаў. А сярэднеэўрапейская цана — 250 даляраў”.

(Кароль: ) “Балянс ужо даўно вызначаны многімі краінамі, якія ўпісаліся ў працэс глябалізацыі, разам з тым існуюць як дзяржавы і маюць свае нацыянальныя праекты. Я бачу станоўчую тэндэнцыю: рост незалежніцкіх імкненьняў у шараговых беларусаў. Людзі адчулі, што можна ўтульна жыць у сваёй кватэры, сваёй краіне. Рэжым дзеля захаваньня сваёй улады эксплюатуе старую тэзу пра вонкавага ворага”.

(Пазьняк: ) “У нас апошні час шмат палітыкаў імкнуцца пазыцыянаваць сябе “трэцяй сілай”, каб ім не прыляпілі ярлык заходняй ці ўсходняй марыянэткі. Але рэч у тым, што пазыцыянаваньне сябе як “трэцяй сілы” ў нашым палярызаваным грамадзтве ня дужа эфэктыўнае. Гэта выглядае як нейкая аморфнасьць, надае такі балоцісты імідж. А Лукашэнку можна перамагчы толькі на выразным кантрасьце.

Што да прапагандысцкай вайны паміж Лукашэнкам і апазыцыяй, якія абвінавачваюць адзін аднаго ў залежнасьці ад Захаду ці Расеі, то тут перамагае дзейны кіраўнік дзяржавы. Бо большасьць беларусаў жыве ў расейскім культурна-палітычным кантэксьце. Таму прарасейскасьць лічыцца меншым злом, чымсьці заходніцтва. Тут яшчэ розьніца ў тым, што падтрымка Лукашэнкі Масквой менш публічная ў параўнаньні з падтрымкай апазыцыі Захадам. Дзейны кіраўнік Беларусі мае больш падтрымкі на справе, а не на словах. Ды і публічная расейская падтрымка яму не патрэбная. Бо ён мае татальны кантроль над сытуацыяй у краіне. Яму дастаткова, што Расея супраць рэвалюцыі і дае танны газ.

І зьнешне гэта выглядае ў вачах выбаршчыкаў, што апазыцыя спажывае вонкавай падтрымкі больш, чым Лукашэнка. А ён на гэтым гуляе — маўляў, я незалежны, а апазыцыя — запраданцы. Такім чынам, Лукашэнка перахапіў у апазыцыі ініцыятыву наконт тэмы незалежнасьці”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, уплыў вонкавага чыньніка на Беларусь важны, але апасродкаваны. Ідэя незалежнасьці часта атаесамляецца ўладай з ідэяй ізаляцыі. Пошукі балянсу паміж замежным уплывам і незалежнасьцю працягваюцца. І падчас цяперашняй выбарчай кампаніі пошук гэтага балянсу, мусіць, будзе яшчэ больш актуалізаваны”.
XS
SM
MD
LG