Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Мілінкевіч рвецца да ўлады, каб зьнішчыць калгасы і прадаць нас у рабства Захаду”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

17 лютага ў Беларусі будуць названы імёны афіцыйна зарэгістраваных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта — і ў краіне пачнецца агітацыйная кампанія. Якія настроі пануюць у беларускім грамадзтве напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў? Ці чакаюць людзі зьменаў? З чыімі імёнамі зьвязваюць свае спадзяваньні?

Адзін зь лістоў на гэтую тэму даслаў наш слухач Андрэй Красавіцкі з Лідзкага раёну:

“Пытаньне пра тое, каму быць прэзыдэнтам на наступны тэрмін, даўно вырашана. Засталося толькі абвясьціць усяму сьвету, што зроблена гэта, так бы мовіць, “дэмакратычна і элегантна”. Спадзявацца на нейкую “каляровую” рэвалюцыю не выпадае: у нас яе ня будзе. Рэжым стварыў дасканалую сыстэму гвалту. Нездарма яе старанна капіюе рэжым Пуціна ў Расеі. Ужо абвешчаны нумар “тэлефона даверу КДБ”. Што гэта за тэлефон, мы памятаем з 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Нашы міліцыя ды іншыя сілавікі — ня тыя, што ва Ўкраіне. Ад іх вы не пачуеце, што яны “з народам”.

Да таго ж, сёньняшні рэжым Беларусі мае надзейнага паплечніка і абаронцу — усходняга суседа. І калі што — пусьціць у справу “газавую пятлю”. Сёньня ў Маскве кусаюць сабе локці, што выпусьцілі Ўкраіну са сваіх імпэрскіх кіпцюроў. Мяне зьдзіўляюць сьлепата, бяспамяцтва і гістарычная непісьменнасьць маіх суайчыньнікаў, якія прайшлі праз сталінскія і гітлераўскія канцлягеры, праз шыбеніцы і расстрэлы. Гісторыя сьведчыць, што ўлада псуе чалавека. А нічым не абмежаваная ўлада нараджае дыктатараў і тыранаў. Прыкладаў таму ў гісторыі шмат. Ды нашаму абывацелю ўсё гэта, як кажуць, “да лямпачкі”.

Да мяне Андрэй зьвяртаеццца з наступнай просьбай:

“Шаноўны спадар Жданко, прачытайце, калі ласка, мой ліст слухачам Радыё Свабода. Можа, ён каму-небудзь дапаможа расплюшчыць вочы ды рэальна глянуць на нашу рэчаіснасьць і ацаніць тое, што адбываецца цяпер у нашай Бацькаўшчыне”.

Так, спадар Красавіцкі, чужы досьвед (нават калі гэта досьвед уласных бацькоў і дзядоў) многія людзі ня лічаць павучальным, і аддаюць перавагу навучаньню на ўласных памылках і няўдачах. Гэта адметнасьць ня толькі нашага часу, так было ў розныя гістарычныя эпохі.

Вядома, сцэнар найбліжэйшых палітычных падзеяў у Беларусі, які вы, спадар Красавіцкі, апісалі ў сваім лісьце, выглядае вельмі верагодным і праўдападобным. Пра гэта цяпер шмат гавораць і пішуць. Але часта так здараецца: нават самая адладжаная сыстэма, якая вонкава выглядае непарушнай, акамянелай і вечнай, у адзін момант дае нечаканы збой, які аказваецца вырашальным і фатальным для яе. На пераломе 1980—1990-х гадоў мы былі сьведкамі таго, як ва Ўсходняй Эўропе адзін за другім рухнулі дзясяткі аўтарытарных рэжымаў, якія функцыянавалі паводле тых жа прынцыпаў, што і сёньняшняя сыстэма ў Беларусі. Рухнулі проста таму, што скончыўся іх час, надышла іншая эпоха. І ўсе іхныя спэцслужбы і паслужлівыя манапалізаваныя мэдыі аказаліся бясьсільнымі перад вятрамі пераменаў.

Жыве ў пасёлку Дзятлава Гарадзенскай вобласьці Зыгмунт Зялінскі — вялікі прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі і наш заўзяты апанэнт. Нягледзячы на свае палітычныя погляды, спадар Зялінскі шмат гадоў уважліва і пільна слухае “Свабоду”, ведае пайменна ўсіх журналістаў. І час ад часу дасылае лісты з рэзкай крытыкай нашай дзейнасьці. Адзін такі ліст атрымалі мы і нядаўна:

“Калі ўжо вы супакоіцеся і перастанеце ліць бруд на наш народ. Паклёпнічаеце, нібы жывём мы кепска, нібы заробкі ў нас нізкія. Ну, ужо якія ёсьць. Але ня дохнем з голаду, як у Польшчы, дзе траціна людзей сядзяць бяз працы. А ў нас беспрацоўных — усяго два працэнты. І тых хутка ня будзе дзякуючы нашаму разумнаму прэзыдэнту. Лукашэнка — найлепшы прэзыдэнт на сьвеце. Ён падняў узровень жыцьця народу, падняў гаспадарку, дамогся, што Беларусь вырасьціла 7 мільёнаў тон хлеба (чаго ў нас ніколі не было). Быць яму прэзыдэнтам і далей. А Мілінкевіч, які рвецца да ўлады, хоча разваліць калгасы і прадаць нас у рабства Захаду. Але ў яго гэта ня выйдзе”.

Ёсьць у лісьце Зыгмунта Зялінскага папрокі і на мой адрас:

“Ваш Валянцін Жданко чытае толькі тыя лісты, у якіх зьнеслаўляецца наш прэзыдэнт. Як можна выдаваць у эфір тое, што пішуць Копыл, Канаховіч, Валошка, Жэрдзеў, Сац… Але знойдзецца і на іх управа”.

І гэтыя, спадар Зялінскі, і многія іншыя нашы слухачы пішуць на “Свабоду” тое, што думаюць і што лічаць патрэбным. У нашых перадачах ёсьць месца і іхным меркаваньням, і меркаваньням тых, хто падзяляе вашы погляды. Лісты вашых аднадумцаў нярэдка гучаць і ў аглядах пошты, і ў тэлефанаваньнях на “Свабоду”.

Што да вашых ацэнак узроўню жыцьця ў Беларусі і ў суседняй Польшчы… Давайце зазірнем у рэйтынг, складзены экспэртамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Ёсьць такі паказьнік — індэкс чалавечага разьвіцьця, які складаецца на падставе аналізу зьвестак аб сярэдняй працягласьці жыцьця, узроўню пісьменнасьці, магчымасьці атрымаць адукацыю і даходах на душу насельніцтва. Ён агульнапрызнаны ў сьвеце. Дык вось, летась, спадар Зялінскі, Беларусь была ў гэтым сьпісе на 67-м месцы, а Польшча — на 36-м.

Своеасаблівым адказам Зыгмунту Зялінскаму зь Дзятлава, які захапляецца калгаснымі рэаліямі цяперашняй Беларусі, можа служыць ліст Віктара Кляноўскага з пасёлку Друя Браслаўскага раёну:

“Апошнім часам кожны дзень слухаю вашы радыёперадачы. Вельмі задаволены аб’ектыўнасьцю і шырокім кругаглядам вашых аўтараў. А пішу вам вось зь якой нагоды. Днямі заходзіў да мяне ў госьці прыяцель. Працуе ён у мясцовым саўгасе трактарыстам. За сьнежань атрымаў зарплату 12 тысяч беларускіх рублёў. Крута, ці ня так? А ў яго, між іншым, сям’я… Увогуле, усе тут пагрузьлі ў крадзяжах. А інакш выжыць немагчыма. Для мяне ясна, што доўга так працягвацца ня можа. А па тэлевізары кожны дзень нам паказваюць беларускі рай, у якім мы жывем. Паверце, мне вельмі шкада беларускі народ. Здаецца, нашых людзей так “глушанула” радыяцыя, што яны да гэтага часу ачуняць ня могуць”.

Наш даўні слухач і аўтар Мікалай Волін зь Менску ў сваім новым лісьце разважае пра тое, ці варта давяраць вынікам сацыялягічных апытаньняў, праведзеных ва ўмовах несвабоднага грамадзтва. Спадар Волін піша:

“Лічыць, што ў атмасфэры страху апытаньне можа паказаць рэальныя рэйтынгі палітыкаў — гэта бязглузьдзіца, відавочная для кожнага разумнага чалавека. Але, тым ня менш, атрыманыя незалежнымі сацыёлягамі лічбы могуць даць матэрыял для аналізу рэальных рэйтынгаў.

Напрыклад, інстытут прафэсара Манаева нядаўна паведаміў пра такі факт: 50% людзей, да якіх зьвярталіся сацыёлягі, адмовіліся адказваць на пытаньні. З тых, хто адказваць пагадзіўся, палова выказалася за Лукашэнку. Але ж палова ад паловы — гэта толькі 25%. Для разумнага чалавека зразумела: абсалютная большасьць тых, хто адмовіліся адказваць на пытаньні анкеты, Лукашэнку не падтрымліваюць (менавіта таму яны і не пагадзіліся адказваць). Адсюль відавочная выснова: апытаньне паказала, што не 50%, а толькі 25% людзей падтрымліваюць Лукашэнку. І я не разумею, чаму вы замоўчваеце такі рэальны аналіз? Чаму на вашых хвалях па-ранейшаму гучаць меркаваньні палітолягаў, якія сьцьвярджаюць, што большасьць людзей у Беларусі — за Лукашэнку?”

Аўтаматычна залічваць чалавека, які не пагадзіўся адказваць на пытаньні анкеты сацыёляга, у праціўнікі палітыкі Аляксандра Лукашэнкі ці прыхільнікі апазыцыі — гэта яўнае перабольшаньне, спадар Волін. Можа, у гэтага чалавека проста не было часу; альбо яму не спадабаўся апытальнік; альбо ён прынцыпова не кантактуе з сацыялягічнымі службамі?.. Падобных прычынаў можна назваць дзясятак. І ніводзін сур’ёзны сацыёляг, які даражыць сваёй прафэсіяй, ня возьмецца інтэрпрэтаваць атрыманыя лічбы і факт няўдзелу значнай колькасьці людзей у апытаньні так, як гэта зрабілі вы, спадар Волін.

Натуральна, боязь людзей адкрыта выказваць свае палітычныя погляды — гэта істотны фактар, які значна ўплывае на вынікі сацыялягічных апытаньняў. Але гэта яшчэ не падстава, каб адвольна тлумачыць атрыманыя лічбы і запісваць іх на карысьць той ці іншай палітычнай сілы. Хоць здагадкі і меркаваньні, натуральна, могуць мець месца. І яны нярэдка гучаць у нашых аналітычных і дыскусійных перадачах.

Цягам апошніх дзён нам таксама напісалі Дзьмітры Кухарчык з Глыбокага, Іван Савіцкі з Баранавічаў, Барыс Зазуля зь Берасьця, Міхаіл Бірыла з Кажан-Гарадка Берасьцейскай вобласьці і Міхаіл Коржаль з Гомелю. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG