Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барозу: Урады не павінны і ня будуць выбачацца за карыкатуры


Радыё Свабода У шэрагу мусульманскіх краінаў працягваюцца гвалтоўныя акцыі пратэсту супраць карыкатураў на Прарока Мухамеда, апублікаваных у дацкай газэце. Сёньня старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу рэзка адказаў на патрабаваньні, каб ўрады Эўрапейскіх краінаў прынесьлі прабачэньні за зьнявагу ісламу. Барозу заявіў, што ўрады не павінны і ня будуць выбачацца за дзеяньні прыватных асобаў і заклікаў да эўрапейскай салідарнасьці перад тварам такіх патрабаваньняў.

У пакістанскіх гарадох Пэшавары і Лахоры трэці дзень адбываюцца забурэньні, падпалы кінатэатраў і офісных будынкаў. Удзельнікі акцыяў разграмілі прадстаўніцтва нарвэскай кампаніі мабільнай сувязі. Разбураны аўтобусны вакзал. У забурэньнях у Пэшавары ўдзельнічалі каля 7 тысячаў чалавек. Паліцыя адказала сьлезацечным газам і дубінкамі. Трое ўдзельнікаў беспарадкаў забітыя.

У Маніле, сталіцы Філіпінаў сотні маніфэстантаў палілі дацкія сьцягі каля пасольства гэтай краіны. Маджыб Хэйтман, лідэр мусульманскай супольнасьці адной з правінцыяў Філіпінаў, тлумачыць, што дэманстранты патрабуюць прабачэньняў дацкага ўраду за карыкатуры, надрукаваныя ў газэце “Юландс Постэн”.

(Хэйтман: ) "Мы хочам, каб яны асудзілі дзеяньні “Юландс Постэн”. Мы патрабуем, каб яны прынесьлі прабачэньне ад імя іх народу. І зразумела, ад імя “Юландс Постэн” за карыкатуры, якія яны апублікавалі".

Старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Баррозу, выступаючы сёньня ў Эўрапарлямэнце, падкрэсьліў, што менавіта гэтага ўрады эўрапейскіх краінаў не павінны рабіць і ня будуць рабіць.

(Барозу: ) "Урады і іншыя афіцыйныя асобы не вызначаюць і не ўхваляюць меркаваньні прыватных асобаў. І наадварот, меркаваньні прыватных асобаў ёсьць іх ўласнае меркаваньне і нікога іншага. Гэта ня ёсьць меркаваньне краіны, народа ці рэлігіі. І мы не павінны дазваляць іншым прыкідвацца, што гэта так".

Кіраўнік Эўракамісіі патлумачыў, што ён сам глыбока паважае іслам і ягоны ўнёсак у эўрапейскую гісторыю і культуру. Аднак ён падкрэсьліў, што свабода слова ня можа быць прадметам гандлю.

Ён асудзіў байкот дацкіх тавараў, які ўвялі некаторыя мусульманскія краіны. Некалькі разоў падчас сваёй прамовы старшыня Эўракамісіі заклікаў да эўрапейскай салідарнасьці з Даніяй.

(Барозу: ) "Гандлёвы байкот – недарэчны шлях для вырашэньня праблемы. Гэта пашкодзіць эканамічным інтарэсам усіх бакоў, пашкодзіць гандлёвым сувязям паміж Эўразьвязам і адпаведнымі краінамі. Трэба, каб была поўная яснасьць. Байкот дацкіх тавараў – гэта паводле вызначэньня байкот эўрапейскіх тавараў.

Я размаўляў з прэм''ер-міністрам Даніі і выказаў салідарнасьць Эўракамісіі. Я хачу сёньня таксама выказаць маю салідарнасьць з дацкім народам – народам, які мае рэпутацыю самага адкрытага і талерантнага, і ня толькі ў Эўропе, але і ў сьвеце".

Падчас дэбатаў у Эўрапарлямэнце міністар замежных справаў Чэхіі Цырыл Свобада прапанаваў выдаткаваць фінансавую кампэнсацыю Даніі за страты, якія яна панесла ад байкоту яе экспарту ў мусульманскія краіны.

Іранская газэта “Хамшахры”, якую выдае тэгеранскі муніцыпалітэт, у адказ на карыкатуры ў дацкай газэце абвясьціла конкурс на карыкатуры наконт Галакосту – масавага зьнішчэньня габрэяў у часы Другой усясьветнай вайны.

Рэдактар іранскай газэты Мухамад Рэза Заеры заявіў учора, што тым самы будзе нібыта правераная палітыка свабоды слова, якую гэтак адстойвае Захад. Заеры заклікаў сьвет даць адказ таму, што ён назваў “забойствам і прыгнётам мільёнаў людзей Злучанымі Штатамі і Ізраілем”.

Ініцыятыва іранскай газэты была асуджаная габрэйскімі арганізацыямі як у самім Іране, гэтак і за яго межамі, а таксама многімі ўрадамі.

Гл. таксама • Пратэсты супраць карыкатур перарастаюць у гандлёвую вайну • Іранская газэта абвясьціла конкурс карыкатур на тэму Галакосту • Ісламісты ўчынілі пагромы эўрапейскіх амбасадаў у Сырыі і Лібане • Карыкатуры на прарока: муфтый Варановіч не падтрымлівае мэтадаў пратэсту • Лідэры мусульманскіх рухаў Беларусі заклікаюць да стрыманасьці
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG