Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыніч рыхтуе скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН


Радыё Свабода Вярхоўны Суд Беларусі адмовіў Міхаілу Марынічу ў пераглядзе прысуду, які быў вынесены ў сьнежні 2004 году. Палітык пачаў рыхтаваць скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН.

Вярхоўны Суд Беларусі адмовіў Міхаілу Марынічу ў пераглядзе рашэньня Менскага раённага суду, якім былы міністар і амбасадар быў прызнаны вінаватым у крадзяжы і асуджаны на тры з паловай гады зьняволеньня. Пазьней пакараньне скарацілі на год паводле амністыі. У адказе Вярхоўнага Суду пазначана, што падставаў для адмены былога рашэньня няма. Пра адмову апошняй судовай інстанцыі, куды мог скардзіцца Міхаіл Марыніч, паведаміла яму жонка Тацяна падчас сёньняшняга кароткатэрміновага спатканьня ў калёніі. Вось што яна распавяла пра тое, як Марыніч адрэагаваў на адказ з суду:

(Марыніч: ) “Настрой Міхаіла Афанасевіча не зьмяніўся, ён сказаў, што гэта яго не асабліва засмуціць, бо іншага ён не чакаў. Ён сказаў, што трэба ісьці наперад, рыхтаваць скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН. І мы з адвакатам пачынаем гэта рабіць. Гэта цяпер адзіная інстанцыя, куды беларускія грамадзяне могуць зьвяртацца, каб неяк абараніць свае правы”.

Ужо болей за два тыдні Міхаіл Марыніч знаходзіцца на лячэньні ў рэспубліканскім турэмным шпіталі. У яго абвастрылася захворваньне сэрца. Да таго ж дагэтуль відаць наступствы перанесенага год таму ў турме інсульту. Паводле Тацяны Марыніч, яе муж адчувае сябе не найлепшым чынам, але не губляе аптымізму і спадзяваньняў на датэрміновае вызваленьне.

(Марыніч: ) “Калі вы памятаеце, 22 верасьня была камісія аб умоўна-датэрміновым вызваленьні, і на працягу шасьці месяцаў яна зноў зьбярэцца. Такім чынам, да канца сакавіка ягонае пытаньне зноў мусяць разгледзець”.

Яшчэ пры канцы мінулага году Міхаіл Марыніч адбыў палову тэрміну, які быў вызначаны яму судом. У такіх выпадках закон прадугледжвае магчымасьць умоўна-датэрміновага вызваленьня, але гэтае рашэньне адносна Міхаіла Марыніча дагэтуль не прынята.

За кратамі Міхаіл Марыніч знаходзіцца з 26 красавіка 2004 году. Ад самага пачатку ён не прызнаваў сябе вінаватым і заяўляў, што яго перасьледуюць з палітычных прычынаў — як дзеяча апазыцыі і магчымага прэтэндэнта на прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG