Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнікі прапануюць Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта кампраміс


Севярын Квяткоўскі, Менск Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта вінаваціць Саюз беларускіх пісьменьнікаў (СБП) у нявыплаце грошай за арэнду памяшканьняў у Доме літаратара за апошнія тры гады. Паводле прадстаўнікоў уладаў, сума запазычанасьці складае больш за 55 мільёнаў рублёў. Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта таксама патрабуе высяленьня СБП з будынку Дому літаратараў, які ў 1997 быў пераведзены на балянс дзяржавы, і цяпер афіцыйна завецца “будынак па Фрунзэ, 5”.

На суд прыйшлі больш за дваццаць сябраў Рады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, у тым ліку Ўладзімер Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Законьнікаў, Зьміцер Колас, Валянцін Тарас і шэраг іншых.

Прадстаўнік Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Дзьмітры Лепеш заявіў, што ня варта весьці гаворку пра мэтанакіраваны ціск уладаў:

(Лепеш: ) “Падобных грамадзкіх аб’яднаньняў у нас у рэспубліцы шмат. Гэта не такая выключная арганізацыя. Саюз пісьменьнікаў заняў такую пазыцыю: “Мы тут заўжды сядзелі, і будзем сядзець. Ніколі нічога не плацілі, і плаціць ня будзем”. Але давайце набліжацца да рэаліяў. Калі заканадаўства зьмянілася, вы ні для каго не выключэньне”.

Лявон Баршчэўскі ў сваёй прамове закрануў маральны бок праблемы: зьвярнуў увагу на тое, што сярод прысутных у залі ёсьць людзі, чые творы шторазу перавыдаюцца ў школьных хрэстаматыях:

(Баршчэўскі: ) “Вазьміце грошы з гэтых людзей, імёны якіх ёсьць у энцыкляпэдыях — прычым, ня толькі беларускіх, але і амэрыканскіх, і ў польскіх, і ў нямецкіх… Любыя людзі, якія вучыліся ў школе, і прэзыдэнт краіны, і кіраўнік справаў, яны на творах гэтых людзей вучыліся станавіцца людзьмі. Канечне, гэта лірыка. Але гэта лірыка, якая выкліканая абурэньнем і рашучай нязгодай з тым, што было заяўлена, што гэта адна з тысяч арганізацыяў”.

15 лютага бакі пагадзіліся на двухтыднёвую адтэрміноўку разгляду справы, каб узгадніць магчымасьць кампрамісу. Старшыня СБП Алесь Пашкевіч як варыянт бачыць перадачу Кіраўніцтву справаў прзыдэнта пэўную частку маёмасьці Саюзу:

(Пашкевіч: ) “Мы будзем весьці перамовы толькі з адной агаворкай — “часткова прызнаўшы пазоў”. У першую чаргу мы прапануем выкупіць у нас ці залічыць за пазыку бібліятэку. Пры гэтым пакінуўшы яе ў асобным мэтавым памяшканьні, каб не драбіць гэтага ўнікальнага кнігазбору”.

Дзьмітры Лепеш не выключае магчымасьці кампрамісу:

(Лепеш: ) “Натуральна, пэўныя захады, скіраваныя на замірэньне, будуць рабіцца”.

Чарговае паседжаньне прызначылі на 2 сакавіка.
XS
SM
MD
LG