Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штаб Мілінкевіча заяўляе, што міліцыя палюе на іхных актывістаў (абноўлена)


Радыё Свабода Кіраўнік перадвыбарчага штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Сяргей Калякін выступіў з заявай пра дзеяньні міліцыі ў розных раёнах Беларусі, якія затрымліваюць і перасьледуюць сябраў ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. МУС Беларусі пакуль не адрэагавала на гэты пратэст.

Сяргей Калякін заявіў, што, на ягоную думку, органы ўнутраных справаў абвясьцілі паляваньне на сябраў каманды Аляксандра Мілінкевіча. Ён мае на ўвазе нядаўнія затрыманьні машыны кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Бухвостава на Берасьцейшчыне, кіраўніка гарадзенскага абласнога штабу Анатоля Хацька ў Лідзе, лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі ў Салігорску, ўчорашнія дзеяньні баранавіцкай міліцыі, якая склала пратаколы за несанкцыянаваны сход на сябраў ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, якія сустрэліся ў прыватнай кватэры:

(Калякін: ) “Гэта сапраўдная крымінальшчына, якая творыцца сёньня з боку праваахоўных органаў. Яны наўпрост перашкаджаюць правядзеньню выбарчай кампаніі, што зьяўляецца крымінальна караным учынкам. Я падазраю, што гэта ідзе з самага верху, што дадзена адпаведнае ўказаньне”.

Спадар Калякін лічыць, што такім чынам актывістаў спрабуюць запалохаць, прымусіць адмовіцца ад актыўнага ўдзелу ў кампаніі. Спадар Калякін кажа, што накіруе пратэст у МУС і пракуратуру і запатрабуе, каб па ўсіх фактах правялі разьбіральніцтва, а вінаватых пакаралі.

У прэсавай службе МУС Беларусі адмовіліся камэнтаваць заяву Сяргея Калякіна.

Аналягічныя прэтэнзіі да міліцыі мае перадвыбарчы штаб іншага апазыцыйнага кандыдата Аляксандра Казуліна. Кіраўнік гэтага штабу Мечыслаў Грыб накіраваў каля дзясятка скаргаў у пракуратуру і МУС па фактах затрыманьняў, праверак, ціску на актывістаў з боку міліцыі. Аднак у адказах паведамляецца, што перавышэньня міліцыяй паўнамоцтваў ня выяўлена.

Паводле кіраўніка праваабарончага цэнтру “Прававая дапамога насельніцтву” Алега Воўчака, за мінулы месяц цэнтар зафіксаваў каля шасьцідзесяці фактаў уціску актывістаў ініцыятыўных групаў Мілінкевіча і Казуліна:

(Воўчак: ) “Усе гэтыя дзеяньні незаконныя, яны груба парушаюць і Канстытуцыю, і Выбарчы кодэкс, і спэцыяльныя законы аб міліцыі і КДБ. Тым самым яны дыскрэдытуюць праваахоўныя органы, якія на гэты пэрыяд пераўтвараліся ў органы палітычнага росшуку”.

З пратэстам на імя міністра ўнутраных справаў сёньня зьвярнуліся і рэдактары незалежных газэтаў “Народная Воля” і “Товарищ” Іосіф Сярэдзіч і Сяргей Вазьняк. Яны скардзяцца на тое, што супрацоўнікі міліцыі ў рэгіёнах сыстэматычна затрымліваюць наклады газэтаў, якія адвозяцца ў рэгіёны валянтэрамі праз тое, што “Белпошта” і “Саюздрук” адмовіліся распаўсюджваць іх выданьні. Спадары Сярэдзіч і Вазьняк нагадваюць міністру ўнутраных справаў, што іх газэты легальныя, і выказваюць гатовасьць правесьці сэмінар для супрацоўнікаў міліцыі па законе аб СМІ, паведаміў “Свабодзе” рэдактар газэты “Товарищ” Сяргей Вазьняк.
XS
SM
MD
LG