Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навапалачане — пра перадвыбарчыя тэледэбаты


Радыё Свабода Ці патрэбныя тэледэбаты паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты? Такое пытаньне мы задаем на гэтым тыдні нашым слухачам. Сёньня на яго адказваюць жыхары Наваполацку.

(Навапалачанка: ) “Я лічу, што тэледэбаты ў свабодным грамадзтве папросту неабходныя. Бязь іх немагчыма азнаёміцца з праграмамі кандыдатаў, зь іхнымі поглядамі”.

(Навапалачанін: ) “Вядома ж, тэледэбаты патрэбныя, і тыя, хто ня хоча ў іх удзельнічаць, відаць, нечага баяцца. А раз баяцца, ім ня варта ісьці ў прэзыдэнты”.

(Навапалачанка: ) “Патрэбныя, што яшчэ можна сказаць? Ва ўсім сьвеце такая завядзёнка, і ў нас трэба праводзіць”.

(Навапалачанін: ) “Шчыра? Нічога не скажу. Я проста стаміўся, і нічога не скажу”.

(Навапалачанка: ) “Паколькі мы жывем у дэмакратычным грамадзтве, дык дзеля таго, каб у нас быў выбар, каб мы маглі зь нечага выбіраць і параўноўваць, тэледэбаты патрэбныя абавязкова”.

(Навапалачанін: ) “Тэледэбаты — неад’емная частка выбарчай кампаніі ў любой цывілізаванай краіне. Будзем спадзявацца, што і мы калісьці станем цывілізаванымі”.

(Навапалачанка: ) “Мяркую, што напярэдадні выбараў тэледэбаты неабходныя. На іх мы можам пазнаёміцца з кандыдатамі ў прэзыдэнты, убачыць іх, так бы мовіць, на свае вочы, пачуць іхныя галасы і неяк вызначыцца”.

(Навапалачанін: ) “Я лічу, што тэледэбаты павінны быць. Трэба, каб кожны з кандыдатаў мог выказаць свае думкі, паспрачацца зь іншымі і, такім чынам, людзі маглі зрабіць выснову: хто і што можа, і як кандыдатам бачыцца далейшае разьвіцьцё Беларусі і лёс беларусаў. Менавіта такім чынам Лукашэнка свойчас перамог Кебіча. Цяпер трэба даць шанец сёньняшнім кандыдатам”.

(Навапалачанін: ) “Я дык нават ня ведаю — патрэбныя яны ці не патрэбныя. Лепш, вядома, каб яны адбыліся. Мы ж наагул нікога з кандыдатаў ня ведаем. Ведаем аднаго, хацелася б і іншых пачуць”.

(Навапалачанка: ) “На мой погляд, яны проста неабходныя, бо ў сродках масавай інфармацыі, на беларускім тэлебачаньні пра апазыцыю апавядаюць, я лічу, казкі. І хацелася б, каб апазыцыя мела магчымасьць неяк апаніраваць, адказаць на гэтыя ілжывыя абвінавачаньні. І каб мы ўсё гэта бачылі”.
XS
SM
MD
LG