Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія спартоўцы — сярод няўдачнікаў Алімпіяды


Радыё Свабода Пасьля чатырох дзён спаборніцтваў у алімпійскім Турыне на п’едэстал гонару падымаліся спартоўцы васямнаццаці краінаў. Зборная Беларусі пакуль нічым ня вызначылася, а бальшыня беларускіх удзельнікаў фінішуе сярод апошніх. Пакуль што самае высокае дасягненьне беларусаў на Алімпіядзе — восьмае месца біятляністкі Вольгі Назаравай у індывідуальнай гонцы і, адпаведна, адзін заліковы бал у камандны актыў.

Напярэдадні ад’езду ў Турын кіраўнік Міністэрства спорту і турызму Аляксандар Грыгараў сьцьвярджаў, што гэтым разам “турыстаў” на Алімпіядзе ня будзе. Аднак пакуль што бальшыня беларусаў у Італіі выступае ў ролі статыстаў, а першыя алімпійскія старты сталі для некаторых і апошнімі.

На этапе кваліфікацыі ня трапілі ў фінальны пул скакуны з 90-мэтровага трампліну Пётар Чаадаеў і Максім Анісімаў. Ніякіх шанцаў не пакінулі супернікі адзінай прадстаўніцы Беларусі ў шорт-трэку Юліі Ялсакавай. Учора таксама адзіная беларуская канькабежка Сьвятлана Радкевіч здолела апярэдзіць толькі тых, хто “паваліўся” на паўкілямэтровай дыстанцыі. У сярэдзіне турнірнай табліцы па выніках кароткай праграмы ў фігурным катаньні Сяргей Давыдаў — учора ён быў 14-ты.

Лыжнік Сяргей Далідовіч, на якога ўскладалі немалыя мэдалёвыя спадзяваньні, па выніках аналізу крыві і на падставе падвышанага ўтрыманьня гемаглябіну ўжо прапусьціў два старты і выпраўляецца дадому. Як паведамілі ў штабе беларускай каманды ў Турыне, ягоны далейшы ўдзел у Алімпіядзе няпэўны. Гаворыць шэф місіі Аляксандар Шэвель:

(Шэвель: ) “Сёньня Сяргей Далідовіч адляціць у Менск. І калі комплекс мэдычна-аднаўленчых мерапрыемстваў яму дапаможа, то ён яшчэ вернецца. Прынамсі, мы так плянуем. Хоць адназначна сказаць і ня можам — будзе нармалёвае ўтрыманьне гемаглябіну, будзе выступаць. У нас такая дамоўленасьць з аргкамітэтам ёсьць”.

Па-за крытыкай першыя старты біятляністаў, якія ў выніковым пратаколе разямесьціліся максымальна далёка ад п’едэсталу — за выключэньнем Вольгі Назаравай, якая прынесла першы заліковы бал у скарбонку зборнай, заняўшы 8-е месца ў індывідуальнай гонцы на 15 кілямэтраў. А выступ біятляніста Ўладзімера Драчова ў штабе беларускай алімпійскай місіі ў Турыне названы найбольшым расчараваньнем: у першы дзень Алімпіяды ў гонцы на 20 кілямэтраў той заняў 43-е месца, а напярэдадні ў спрынце быў толькі 63-ці. Трэба сказаць, што Драчоў увогуле адзін з самых “узроставых” спартоўцаў на Алімпіядзе — яму споўнілася 40 гадоў.

Як і прагназавалі спартовыя адмыслоўцы, цяпер спадзяваньні беларускіх заўзятараў цалкам сканцэнтраваныя на фрыстайле. Спаборніцтвы фрыстайлістаў традыцыйна адбываюцца пры канцы алімпійскай праграмы.
XS
SM
MD
LG