Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатам на прэзыдэнта не дазволяць агітаваць у цэнтры Менску


Радыё Свабода Агляд незалежнага друку 15 лютага

Сёньня “Комсомольская правда” в Белоруссии” друкуе сьпіс вулічных адрасоў у Менску, дзе будзе дазволена агітаваць кандыдатам на пасаду прэзыдэнта. У горадзе з двухмільённым насельніцтвам ўлады вызначылі ўсяго 28 месцаў для грамадзка-масавых мерапрыемстваў. Шмат якія малавядомыя нават старажылам сталіцы.

Піша газэта і пра абвастрэньне сацыяльных праблемаў. У прыватнасьці, журналісты шукаюць адказ на пытаньне: “Чаму агульная чарга на паляпшэньне жыльлёвых умоваў практычна ня рухаецца”.

“Газета Слонимская» сёньня паведамляе, што раённая выбарчая камісія пакуль ігнаруе пісьмовы запыт дэпутата мясцовага райсавету Івана Шэгі. Няма афіцыйнага адказу, чаму прызнаныя несапраўднымі амаль 2,5 тысячы подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча? Як расказаў журналістам сам заяўнік, ён меў магчымасьць азнаёміцца з пратаколам праверкі подпісаў. “Дзесьці ў 90 % падпісных лістоў яны адзначаюць, што дата пастаўленая не самім падпісантам. Такая сытуацыя вядомая з парлямэнцкіх выбараў – гэта стопрацэнтная фабрыкацыя”, -- заяўляе Іван Шэга”.

Да вынікаў збору подпісаў зьвяртаецца і “Бобруйский курьер». А чаму публікацыя мае загаловак “Няхай мяне аднаго расстраляюць!”, расказвае журналіст Мікалай Канановіч.

(Канановіч: ) “Адзін жыхар Бабруйску, калі яму прапанавалі падпісацца, запытаў: “А мяне не пасадзяць? Ну, годзе . Я падпішуся, а жонка ня будзе. Няхай мяне аднаго расстраляюць!” Некаторыя, як толькі чулі прозьвішча Мілінкевіча, падпісваліся. Зьявілася таксама выснова, што ня ўсе пэнсіянэры падтрымліваюць дзейнага прэзыдэнта. Напрыклад, бабуля 1929 году нараджэньня заявіла: “Няхай будзе больш кандыдатаў – зьявіцца магчымасьць з каго выбіраць”.

Паведаміў супрацоўнік «Бобруйского курьера» Мікалай Канановіч. На старонках незалежнай газэты – працяг дыскусіі з аўтарамі расейскага Інтэрнэт-сайту «Бабруйск – горад жывёлы”. На дзьвюх старонках падаюцца брудныя мясьціны гораду і адпаведны камэнтар.
XS
SM
MD
LG