Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Субсыдыі на цяпло і ваду -- перадвыбарчы ледзянец?


Радыё Свабода Жыльлёва-камунальныя прадпрыемствы Гомельскай вобласьці, як і іншых рэгіёнаў краіны, занятыя ў гэтыя дні пераразьлікам платы за цеплавую энэргію і гарачае водазабесьпячэньне. Зьвязана гэта з пастановай Савету Міністраў, паводле якой плата за цяпло ў студзені, нягледзячы на вялікія маразы, не павінна перавышаць сьнежаньскі памер. Ці адчуюць жыхары Беларусі, што ў справе аплаты за цяпло наступіла палёгка? На якую агульную суму будзе зьменшаная аплата?

Вось што, да прыкладу, гаворыць кіраўнік раённай камунальнай службы з Хойнікаў Ігар Сударыкаў:

(Сударыкаў:) “Каля 39 мільёнаў. Гэта ўсё будзе датацыя зь бюджэту”.

Прадстаўнікі камунальных службаў Гомелю кажуць, што, што субсыдыі дзяржавы “на маразы” складаюць на кватэру 5-8 тысяч рублёў. Іншым разам болей, калі тэмпэратура ў кватэрах не адпавядала сацыяльнаму стандарту – плюс 18 градусаў. Больш дакладнай лічбы прадстаўнікі гарадзкой жыльлёва-камунальнай гаспадаркі не называюць. Вось што кажа Ігар Емяльянцаў, намесьнік генэральнага дырэктара ў пытаньнях эканомікі і фінансаў гарадзкой жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

(Емяльянцаў:) “Пакуль я гэтай інфармацыяй не валодаю. Мы самі пакуль зьбіраем такую інфармацыю”.

Значная частка гарадзкіх жыхароў рэгіёну, найперш зь ліку тых, хто мае прыватныя дамы з індывідуальным ацяпленьнем, апынулася ня ў роўных умовах. Ім ніхто падвышаныя выдаткі на ацяпленьне дамоў ня сплачвае.

Гаворыць кіраўнік Калінкавіцкай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Віктар Палазьнік:

(Палазьнік:) “На жаль, гэта ніяк ня ўлічваецца, як ня ўлічвалася ўсе папярэднія гады. Прыватнік абагравае сябе так, як і любы вясковы жыхар. Едзе ў лес, валяе сасну, пілуе яе, коле і паліць”.

Паводле афіцыйна не пацьверджаных зьвестак, расходы газу ў студзені ў сувязі з маразамі ў Гомелі падвысіліся на 27 адсоткаў? Чаму ж улады вырашылі не спаганяць з гараджанаў павялічаныя выдаткі на цяпло? Вось меркаваньні, якія жыхары Гомелю выказвалі нашаму карэспандэнту:

(Мужчына:) “Гэта робіцца пад выбары. Гэта – подкуп выбарцаў. Мы ўсё роўна будзем плаціць, але пазьней. Гэта, як той ледзянец. Яго далі дзіцяці пасмактаць, а потым будуць патрабаваць плату, як за шакаляд. Калі выбары пройдуць, я лічу, у нас будуць павышаны кошты ня толькі на цяпло, але і на жыльлёвую плошчу, на вываз сьмецьця -- і гэтак далей”.

(Жанчына:) “Гэтая сытуацыя з камунальнымі рахункамі нагадвае сытуацыю 2001 году, калі студэнтам былі льготы на праезд. Потым, калі выбары прайшлі, льготы забралі. Гэтая ўлада – яна ўсё роўна дабярэ свае грошы. Яна ніколі грамадзянам грошы так не дае”.

(Мужчына:) “Вельмі падобна, што ўлады вырашылі зрабіць такі пэўны ход пад выбары. Яны -- дабрадзеі, дапамагаюць людзям ня страчваць пэўныя фінансавыя сумы з прычыны маразоў. Дзяржаўны бюджэт – гэта тыя ж народныя грошы. І вельмі цікавае пытаньне: як увогуле фармуюцца гэтыя сума за цеплавую энэргію? Я сустракаў разьлікі, якія паказваюць, што не заўсёды карэктна разьлічваюцца сумы за цяпло ў шматпавярховых дамах”.
XS
SM
MD
LG