Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асьвятленьне выбарчай кампаніі дзяржаўнымі СМІ незбалянсаванае, сьведчыць маніторынг БАЖ


Радыё Свабода Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала вынікі маніторынгу асьвятленьня прэзыдэнцкіх выбараў у беларускіх мэдыях за пэрыяд з 28 студзеня па 10 лютага. Яны сьведчаць, што на дзяржаўных тэлеканалах па-ранейшаму няма альтэрнатывы Аляксандру Лукашэнку, а апазыцыйныя кандыдаты падаюцца крайне рэдка і нэгатыўна. Акрамя таго БАЖ адзначае рост прапагандысцкіх праектаў на дзяржаўных тэлеканалах.

Параўноўваючы цяперашнюю танальнасьць у дзяржаўных СМІ з тым, што было пад час рэфэрэндуму 2004 года, кіраўнік праекту маніторынгу БАЖ Алесь Анціпенка заўважае адно істотнае адрозьненьне:

(Анціпенка: ) “З той карцінкі палітычнай рэальнасьці, якую ствараюць зараз дзяржаўныя мэдыі, фактычна выключаецца апазыцыя. Так бы мовіць, апазыцыі прадпісана не быць у гэтай краіне”.

Калі на пачатку перадвыбарчай кампаніі пераважала тактыка замоўчваньня апазыцыйных кандыдатаў, то цяпер пайшлі ў ход прапагандысцкія сэрыялы, як напрыклад, “Духоўная вайна” Юрыя Азаронка альбо канцэртны тур ОНТ “За Беларусь!” Спадар Анціпенка робіць выснову, што зьяўленьне новых тэлепраектаў сьведчыць пра пачатак кампаніі супраць апазыцыі і яе лідэра Аляксандра Мілінкевіча ды больш актыўнай кампаніі на карысьць Аляксандра Лукашэнкі.

Вядомы беларускі тэлежурналіст Леанід Міндлін пагаджаецца з высновамі БАЖ наконт незбалянсаванасьці асьвятленьня перадвыбарчай сытуацыі на дзяржаўных тэлеканалах:

(Міндлін: ) “Што тычыцца “наездаў” на апазыцыю, то што сапраўды зараз нейкая другая канцэпцыя – не гаварыць пра апазыцыю, яе проста не існуе сёньня, калі браць тры нацыянальныя каналы тэлебачаньня”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік не пагаджаецца, што перадвыбарчая тэматыка ў дзяржаўных СМІ незбалянсаваная, пры гэтым ён спасылаецца на меркаваньне назіральнікаў ад СНД:

(Лазавік: ) “Варта падзяляць, дзе ідзе інфармацыя аб працы А. Лукашэнкі як прэзыдэнта, які выконвае свае службовыя абавязкі і як кандыдата на прэзыдэнта. Калі гэтыя два паняцьці падзяліць, то суадносіны паказчыкаў, якія прыведзеныя БАЖ, напэўна зьменяцца”.

Спадар Лазавік нагадвае, што для разгляду інфармацыйных спрэчак пад час выбарчай кампаніі пры ЦВК створаная Назіральная рада на чале з намесьнікам міністра інфармацыі.

Якой можа быць рэакцыя аўдыторыі на неаб’ектыўную інфармацыю пра апазыцыю і прэзыдэнта,– меркаваньне намесьніка кіраўніка выбарчага штаба А. Мілінкевіча Вінцука Вячоркі:

(Вячорка: ) “Грамадзтва рэагуе закупкай спадарожнікавых антэнаў,– так робяць тыя, хто можа дазволіць гэта сабе з матэрыяльнага пункту гледжаньня. Альбо прынамсі пераключэньнем кнопак далей ад БТ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG