Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Віцебскіх бібліятэках да выбараў забаранілі сустрэчы зь пісьменьнікамі


Радыё Свабода Усе выступы літаратараў у віцебскіх бібліятэках адкладзеныя да 19-га сакавіка. Паводле Франца Сіўка, старшыні мясцовай філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, з пачатку гэтага году ў абласной бібліятэцы імя Леніна не было праведзена ніводнай творчай сустрэчы з чытачамі. Тым часам сябры альтэрнатыўнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі актыўна сустракаюцца з жыхарамі горада, не зважаючы на рашэньне аблвыканкаму пра забарону выступленьняў для сябраў абодвух пісьменьніцкіх арганізацый.

Пра тое, што ў бібліятэках часова не праводзяцца сустрэчы з чытачамі, старшыня віцебскай філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў спадар Сіўко даведаўся выпадкова. Задумаўшы зладзіць выступ мясцовага паэта-гумарыста Міхася Мірановіча, ён, як і ва ўсе папярэднія разы, зьвярнуўся да супрацоўнікаў беларускага аддзелу абласной бібліятэкі.

(Сіўко:) “Калі мы падалі ў бібліятэку абласную заяўку на правядзеньне імпрэзы Мірановіча, пасьля Новага году адразу, то ім патэлефанавалі і сказалі, каб ніякіх выступаў пісьменьнікаў ня трэба да выбараў. Падзею выбараў прыраўнялі да Калядаў ці Вялікадня – каб перад гэтым абавязкова быў пост! Але з іншага боку – усе ўсё разумеюць. І няма ніякага рэзону тым бібліятэкарам ці аддзелу культуры “сьвяціцца” у нянавісьці да Бураўкіна ці Барадуліна! Таму і вырашылі: нельга нікому. Вось і ўсё!”

Бібліятэкары з беларускага аддзелу, якія заўжды займаліся арганізацыяй чытацкіх сустрэчаў, пагадзіліся хіба ананімна пацьвердзіць, што распараджэньне адкласьці ўсе падобныя імпрэзы да 19-га сакавіка сапраўды існуе. Пра тое самае распавяла і супрацоўніца абласной управы культуры, якая таксама прасіла па магчымасьці ня згадваць на Радыё Свабода ейнае імя.

(Супрацоўніца аблвыканкаму:) “Чаргінец у форме запіскі напісаў, каб была падтрымка толькі вось новаму саюзу ў дзяржаўных установах і гэтак далей. Гэтая службовая запіска і разаслана па ўсіх аблвыканкамах. Улады прынялі гэта да ведама, і ўвогуле забаранілі выступаць сябрам і аднаго, і другога саюзу. Увогуле -- пакуль уся неразьбярыха пройдзе і ня зьявяцца новыя заканадаўчыя акты.”

У мінулую нядзелю на пасяджэньні абласной рады ТБМ быў агучаны яшчэ адзін дакумэнт, які рэглямэнтуе правы пісьменьнікаў на выступы перад аўдыторыяй: нехта з прысутных прынёс ксэракопію загаду з міністэрства адукацыі, паводле якога забараняецца выступаць у школах ды іншых навучальных установах сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Кіраўніца віцебскай філіі альтэрнатыўнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка гаворыць, што нічога ня ведае ні пра праблемы калег па “пісьменьніцкаму цэху”, ні пра забарону на выступы перад чытачамі.

(Краснова–Гусачэнка:) “ У нас усе выступаюць! З нашымі сябрамі такога быць не магло! Зараз толькі прыйшлі з выступленьня – выступалі ў дзіцячым садку, раней выступалі ў ліцэі, у школе, і ва ўнівэрсытэце выступалі. А як жа! Ня мусіць быць ніякіх праблем у пісьменьнікаў з выступамі, але яны павінны быць сябрамі сапраўднага творчага саюзу. Зараз вельмі шмат людзей, гатовых выступаць і ў школах, і ў бібліятэках, але гэта не павінны быць выпадковыя людзі!”

Каб мець магчымасьць выступаць перад чытачамі ды карыстацца іншымі сёньняшнімі выгодамі, у Саюз пісьменьнікаў Беларусі перайшлі толькі шасьцёра віцебскіх сябраў колішняга адзінага творчага аб’яднаньня.
XS
SM
MD
LG