Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Ўлашчык


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

“Беларускі Герадот” – так называе майго сёньняшняга героя гісторык і грамадзкі дзеяч Алег Трусаў, і я ня бачу ў гэтых словах аніякай гіпэрбалізацыі.

Міколу Ўлашчыку, які нарадзіўся сто гадоў таму, 14 лютага 1906 году, лёс наканаваў наканаваны цярністы шлях. На ім былі беспадстаўныя абвінавачваньні, чатыры арышты, лягеры і высылкі. Пад час аднаго з такіх выпрабаваньняў паміж маладым вучоным-гісторыкам, нядаўнім выпускніком БДУ, і сьледчым НКВД адбылася размова, якая выглядае сымбалічнай. На допыце Ўлашчык папрасіў перадаць у камэру ягоныя работы. “Міл-чалавек, – шчыра зарагатаў сьледчы, – ды твае работы ўжо ніколі нікому не спатрэбяцца”.

Але сама Гісторыя, якой усё жыцьцё ахвярна служыў Мікола Ўлашчык, распарадзілася іначай.

Вызваліўшыся з ГУЛагу і працуючы ў Інстытуце гісторыі АН СССР, ён неаднаразова рабіў спробы вярнуцца ў Беларусь. На шляху нязьменна паўставаў шматгадовы загадчык катэдры гісторыі БССР Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Лаўрэнці Абэцэдарскі, які ў патрэбны момант даставаў з сэйфу дасье на калегу і апанэнта, які, адрозна ад Абэцэдарскага, ніколі не лічыў мінулае Беларусі часткаю гісторыі Расеі.

Але і жывучы ў Маскве, Улашчык здолеў зрабіцца вядучым беларускім археографам, укласьці і адрэдагаваць два важкія тамы беларускіх летапісаў, напісаць свае навуковыя манаграфіі і ўнікальную кнігу “Была такая вёска”, што стала своеасаблівай энцыкляпэдыяй жыцьця беларускіх сялянаў на пачатку XX стагодзьдзя і ўадначас – помнікам вёсцы Віцькаўшчына пад Койданавам – малой радзіме аўтара.

Сваім настаўнікам яго лічылі нашы знакамітыя навукоўцы дактары гістарычных навук Міхась Ткачоў і Генадзь Каханоўскі і лічаць дзясяткі іхніх маладзейшых калегаў.

Маё асабістае знаёмства зь Мікалаем Мікалаевічам адбылося ў 1986-м, калі ён ужо быў безнадзейна хворы. На ложку ў маскоўскай кватэры вучонага ляжалі сьвежыя нумары “ЛіМу” зь першымі вострымі публікацыямі пра становішча і лёс беларускай мовы й культуры. Гаспадару было цяжка гаварыць, але ў той кароткі візыт ён пасьпеў прадыктаваць мне ліст у Браслаў: за некалькі тыдняў да хваробы Ўлашчык знайшоў у Яраслаўлі павятовы браслаўскі архіў, вывезены ў глыбіню Расеі пад час Першае сусьветнае вайны. Ён заставаўся гісторыкам да канца.

Мікола Ўлашчык быў адзіным у сьвеце чалавекам, які ня толькі чытаў, але вольна гаварыў і пісаў на старабеларускай мове. Часам я ўяўляю, як ён мог бы гутарыць з Францішкам Скарынам і Львом Сапегам.
XS
SM
MD
LG