Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскім школьнікам загадалі рабіць “валянцінкі” для Лукашэнкі


Радыё Свабода, Віцебск У некаторыя школы дасланыя сьпісы асобаў, які вучні мусяць адрасаваць выразаныя з паперы “сардэчкі”, у іншых навучальных установах дзецям загадана расфарбаваць “валянцінкі” ў колеры дзяржаўнага сьцягу ды напісаць на іх “За Беларусь!”

Вучні віцебскай гімназіі №1 мусілі сёньня да пачатку заняткаў здаць клясным кіраўнікам самаробныя “валянцінкі”.

(Вучаніца: ) “Учора я чула, што дзецям з малодшых клясаў загадалі зрабіць “валянцінкі”, пафарбаваць іх у колеры сьцяга – чырвоны і зялёны. І напісаць трэба было ці то “За Беларусь!” ці то “За Лукашэнку!”, я добра не зразумела. А ўжо сёньня вучням старэйшых клясаў, хто ёсьць сябрам БРСМу, загадалі з імі выйсьці на вуліцы нашага гораду. Я ведаю, што выходзілі і сюды, на Плошчу Свабоды, тут а першай дня праходзіла акцыя: гэтыя “валянцінкі” раздавалі мінакам.

“Валянцінкі” са словамі “За Беларусь!” сябры БРСМ''у раздавалі выпадковым людзям. Але некаторыя самаробныя “сардэчкі” мелі і канкрэтных адрасатаў. Пра гэта распавёў настаўнік маляваньня адной зь віцебскіх школ.

(Настаўнік: ) “Прыйшло распараджэньне вырабіць разам зь дзецьмі “валянцінкі” – такія паштоўкі ў форме сардэчка. І прыйшоў сьпіс – надрукаваная на кампутары папера. У гэтым сьпісе, як я запомніў, тры прозьвішчы спартоўцаў, двое з якіх – гэта Мірны і Ваўчкоў, больш як дзесяць прозьвішчаў – гэта эстрадныя артысты, крыху меней – гэта тэлевядучыя, і астатнія – прэзыдэнцкае атачэньне. Думаю, што на кожную школу прыйшла такая разнарадка”.

Не спадзеючыся на мастацкія навыкі вучняў, у многіх віцебскіх школах настаўнікі самі вырабілі неабходную колькасьць “валянцінак”, даверыўшы дзецям хіба што іх падпісаць.

Якім чынам паштоўкі, адрасаваныя дзяржаўным кіраўнікам, сталічным артыстам і спартоўцам, мусяць трапіць да іх у рукі, і ці трапяць туды ўвогуле, віцебскім школьнікам не патлумачылі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG