Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новы "ценевы" ўрад вызначыў сваю структуру


Радыё Свабода Акрамя Анатоля Лябедзькі, старшыні гэтага ўраду альбо, як яго афіцыйна называюць, Нацыянальнага камітэту, у прэзыдыюм увайшлі сем асобаў: па колькасьці створаных тут рабочых груп. Курыраваць эканамічны блёк будзе Яраслаў Раманчук, сацыяльны – Алена Скрыган, гуманітарны – Уладзімер Колас, мясцовае самакіраваньне – Уладзімер Навасяд.

Праца пойдзе на трох узроўнях: прэзыдыюм займаецца агульнай стратэгіяй; у рабочых групах рыхтуюць інтэлектуальны прадукт; група дарадцаў кансультуе аўтараў і дае экспэртную ацэнку.

Фактычна, першым прадуктам новага грамадзкага фармаваньня стаў праект плятформы эканамічна-сацыяльнага разьвіцьця Беларусі, які перадалі патэнцыйнаму кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Мілінкевічу.

Вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў высока ацэньвае гэтую працу, менавіта зь перадвыбарчай пазыцыі, таму што ў ёй спалучаюцца, паводле ягоных словаў, "эканоміка з глябальным геапалітычным выбарам":

(Злотнікаў: ) "Таму што людзі не выбіраюць выключна з эканамічным разьлікам – маўляў, я больш зараблю. Людзі, у бальшыні сваёй, жывуць сацыяльнымі інстынктамі: з кім мы, хто вораг, хто сябар... І вось гэтыя адносіны на больш глыбокім узроўні фармуюць паводзіны чалавека. Нават мацней, чым, прыкладам, ядзім мы больш мяса ці хлеба".

"Ценевы" урад зьбіраецца рыхтаваць праграмы разьвіцьця краіны ў розных галінах і сфэрах і зробіцца, як упэўненыя ягоныя сябры, інтэлектуальна-экспэртным цэнтрам Беларусі. Нават, калі на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах пераможа Аляксандар Лукашэнка. Бо, як кажа Яраслаў Раманчук, трэба заўжды працаваць з пэрспэктывай:

(Раманчук: ) "Калі мы нядаўна былі ў Брусэлі, дык пагадзіліся зь сябрамі Эўрапейскай камісіі наконт таго, што трэба фармаваць акурат вось такія экспэртныя цэнтры, якія б на ўзроўні юрыстаў, эканамістаў, сацыёлягаў, людзей, якія маюць досьвед і веды ў розных галінах, прадстаўлялі альтэрнатыву і наладжвалі дыялёг паміж рознымі групамі ўсяго грамадзтва".

Спадар Раманчук бачыць добрую пэрспэктыву яшчэ і таму, што ў трэцім па ліку "ценевым" урадзе – пасьля ўраду БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня і ўрадзе Генадзя Карпенкі пасьля разгону Вярхоўнага Савету 13 скліканьня – вельмі многа маладых спэцыялістаў:

(Раманчук: ) "Гэта – "ценявы" ўрад, у якім працуюць вельмі таленавітыя, вельмі здольныя маладыя людзі. Яны не належаць да палітычнай апазыцыі. Гэта людзі, якія проста хочуць рэфармаваць сваю Бацькаўшчыну для яе лепшай будучыні".
XS
SM
MD
LG