Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беластоку судзяць выдаўцоў беларускай "Нівы"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Беластоку пачаўся судовы працэс ў справе сяброў Праграмнай рады (выдаўцоў) тыднёвіка беларусаў Польшчы "Ніва".

Пракуратура абвінавачвае сяброў Праграмнай рады "Нівы" у бугальтарскіх парушэньнях у часе разьмеркаваньня ўрадавых датацыяў на выхад тыднёвіка, адзначаючы аднак пры гэтым, што ніводзін грош з датацыяў ня зьнік.

Былы старшыня Рады прафэсар Яўген Мірановіч тлумачыць, што выдаўцы былі вымушаныя разьмяркоўваць грошы на выданьне газэты іначай, чым патрабуюць правілы, бо ў іншым выпадку тыднёвік немагчыма было б выдаваць – датацыі прыходзяць вясной, а да восені іх трэба ўжо выдаць, ледзь не на паўгады выхад "Нівы" трэба было б спыняць.

(Мірановіч: ) "У нас няма ні юрыстаў, ні эканамістаў у штаце. Журналісты бюракратычнымі справамі не займаюцца. Былі недахопы фармальнага характару. Але аказалася што з гэтага раздулі вялікую крымінальную справу".

Двум з сяброў рады – былому старшыні і бугальтарцы пракуратура прад''явіла абвінавачаньні, а ўрэшце было запрапанавана спыніць справу ўмоўна, аднак тыя не пагадзіліся, бо, паводле іхных словаў, гэта азначала б прызнаньне віны. Такім чынам перад судом адказваюць 11 чалавек – ніводзін зь іх ня лічыць сябе вінаватым.

Сёньня падсудныя, якім пагражае нават турэмнае зьняволеньне, адмовіліся даваць дадатковыя тлумачэньні.

Між тым шэраг вядомых палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў у Польшчы выказваюць абурэньне з нагоды судовага працэсу. Неафіцыйна паведамляецца, што справу выдаўцоў "Нівы" вывучае цяпер кіраўніцтва міністэрства юстыцыі Польшчы.
XS
SM
MD
LG