Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кім сапраўды быў Сьвяты Валянцін?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Сёньня шмат людзей на сьвеце прызнавалася ў каханьні і дарыла сваім каханым сувэніры, – гэтак званыя валянцінкі. Старажытнае, як сам сьвет, пачуцьце мае сваё сьвята – Дзень Сьвятога Валянціна. Дык кім ён быў, гэты Валянцін, якога так паважаюць сёньня рамантыкі ва ўсім сьвеце?

У 3-м стагодзьдзі нашай эры рымскі імпэратар Клаўдзій выдаў указ, які забараняў людзям жаніцца. У яго, які ладзіў адну ваенную кампанію за другой, былі праблемы з наборам маладым людзей у войска. Імпэратар лічыў, што жанатыя людзі будуць усяляк пазьбягаць службы, бо ім цяжка разьвітвацца са сваімі каханымі і дзецьмі. І вясельлі, як хрысьціян, гэтак і паганцаў, зышлі ў падпольле – малады эпіскап Валянцін, парушаючы імпэратарскі ўказ, тайна вянчаў закаханых.

Гэтыя дзеяньні Валянціна былі неўзабаве выкрытыя. Валянціна пасадзілі ў турму, а затым прысудзілі на сьмерць. 14 лютага 269 ці 270 году, перад пакараньнем Валянцін паслаў сваёй каханай разьвітальную цэдулку з подпісам “ад твайго Валянціна”. Дата сьмерці сьвятара, які стаў на абарону закаханых, і дала пачатак сьвяткаваньню Дня сьвятога Валянціна. А разьвітальны ліст – пачатак традыцыі дасылаць любоўныя пасланьні – валянцінкі.

Сьвята стала папулярным у Рыме. А рымскія заваёўнікі, якія захапілі Брытанію, прынесьлі з сабой туды і дзень Валянціна, які там прыжыўся, набыў свае асаблівасьці і ўжо адтуль распаўсюдзіўся на ўвесь сьвет. А ў ірляндзкім Дубліне, як кажа айцец Крыстафер Кроўлі, нават ёсьць рэліквіі Сьвятога Валянціна.

Апошнімі гадамі, як і іншыя рэлігійныя сьвяты, дзень сьвятога Валянціна моцна капіталізаваўся. Сёньня – гэта хутчэй цывільнае сьвята. Паўсюль шырокі продаж сувэніраў, паштовак, адбываюцца вясёлыя карнавалы. І ўсё ж у заходнім сьвеце застаецца і месца рэлігіі. Так, айцец Кроўлі ў сваёй дублінскай царкве служыць у гонар сьвятога Валянціна набажэнсты, пасьля чаго людзі ля царквы купляюць ружы і дораць каханым.

***

Дробныя фрагмэнты мошчаў Сьвятога Валянціна маюць цэрквы ў Ірляндыі, Расеі, Італіі, Польшчы, іншых краінаў. Вось і ва Ўкраіне ў царкве Раства Прасьвятой Багародзіцы ў мястэчку Самбір, што на Львоўшчыне, таксама ёсьць фрагмэнты мошчаў. Яны былі дастаўленыя туды з Ватыкану 250 гадоў таму.

Зьнешнія спасылкі: • Электронная е-валянцінка (cards.br.by)
XS
SM
MD
LG