Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьлед ваўкавыскага графіці міліцыянты шукаюць у Горадні


Радыё Свабода 13 лютага каля 23 гадзінаў адбыўся ператрус у кватэрах адразу двух актывістаў недзяржаўных арганізацыяў Горадні — Вадзіма Саранчукова і Андрэя Мялешкі. Іх падазраюць па крымінальнай справе, заведзенай больш за тыдзень таму ў Ваўкавыску. Тады на сьценах амаль дваццаці будынкаў зьявіліся надпісы “Просим уйти”.

І Вадзіму Саранчукову, і Андрэю Мялешку міліцыянты паказвалі факс з Ваўкавыску пра тое, што заведзена крымінальная справа па факце зьяўленьня палітычнага графіці. Яны тлумачылі, што шукаюць рэчавых доказаў, якія б маглі мець дачыненьне да надпісаў.

У Андрэя Мялешкі міліцыянты канфіскавалі 25 улётак “Малады беларус” (выдадзеныя яшчэ ў 1996 годзе) і 30 улётак 1999 году без выходных зьвестак “Поддерживаем Александра Григорьевича”. Сканфіскавалі таксама адну ўлётку з пытаньнямі “Ці ведаюць грамадзяне Беларусі, хто такі Аляксандар Мілінкевіч”. Ператрус працягваўся каля гадзіны.

Андрэй Мялешка — сябар гарадзенскай групы “Міжнароднай амністыі”. Ён лічыць, што міліцыя мае сьпіс маладых людзей, якія супрацоўнічаюць з НДА, — іх найперш і падазраюць у падобных учынках. Кажа Андрэй Мялешка:

(Мялешка: ) “Я думаю, што гэта зьвязана з тым, што яшчэ некалькі месяцаў таму міліцыянты бралі адбіткі пальцаў у мяне і ў такіх, як я. У іх існуе ўжо сьпіс маладых людзей, якія зьвязаныя зь недзяржаўнымі арганізацыямі, і якія былі ўжо неаднойчы “засьвечаныя” на мітынгах і пікетах”.

У Вадзіма Саранчукова сканфіскавалі фарбы. Вадзімаў бацька мастак і займаецца фарбаваньнем шкла. Сам Вадзім Саранчукоў зьяўляецца сябрам БНФ “Адраджэньне” і актыўна зьбіраў подпісы за Аляксандра Мілінкевіча. Ён мяркуе, што ператрус зьвязаны з выбарчай кампаніяй:

(Саранчукоў: ) “Я адназначна зьвязваю ператрус з кампаніяй Мілінкевіча. Па ўсім было відаць, што шукалі агітацыйных матэрыялаў. Ясна, што нічога не знайшлі, паколькі яшчэ не адбылася рэгістрацыя кандыдата, кампанія не пачыналася, і таму ў мяне нічога не магло быць”.

Учора ў гэты ж час міліцыянты прыйшлі і да лідэра “Маладога фронту” Яўгена Скрабутана. Яго не было ў хаце, а гаспадыня, у якой ён здымае пакойчык, дзьвярэй ім не адчыніла.
XS
SM
MD
LG