Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для арганізацыі агітацыйных сходаў патрэбна будзе браць дазвол


Радыё Свабода Менскі гарвыканкам зацьвердзіў месцы для агітацыі за кандыдатаў на прэзыдэнта — сярод іх больш як дваццаць паркаў, сквэраў, пляцовак ва ўсіх раёнах сталіцы пераважна далёка ад цэнтру. Каб скарыстацца пляцоўкамі для агітацыйных сходаў, якія далі гарадзкія ўлады, кандыдаты і іх давераныя асобы мусяць зьвяртацца па дазвол.

Пра гэта паведаміў прадстаўнік юрыдычнай управы Менскага гарвыканкаму Віктар Балашоў:

(Балашоў: ) “Каб не атрымалася, што ў адно і тое ж месца і ў адзін час зьбяруцца розныя людзі, якія адзін аднаго не ўспрымаюць, патрэба дазволу захоўваецца. Такім чынам, заява на нейкае канкрэтнае месца і канкрэтны час павінна быць да нас накіраваная”.

Спадар Балашоў запэўніў, што гэтыя заяўкі будуць разглядацца максымальна хутка: дзень-два-тры. Акрамя таго, Менскі гарвыканкам даручыў праваахоўным органам не дапускаць грамадзка-масавых агітацыйных акцыяў у месцах, якія не адведзены для гэтага.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб кажа, што будуць выкарыстоўвацца розныя варыянты агітацыі:

(Грыб: ) “Будзем выкарыстоўваць і тое, што дазволена… Але тое, што дазволена, напрыклад, у Менску, гэта ўсё дзесьці на ўскраінах, па-за цэнтрам. А што гэта за кампанія, якая ідзе на задворках?”

Кіраўнік перадвыбарчага штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Сяргей Калякін паведаміў, што ўжо зацьверджаны графік сустрэчаў Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі, калі ён будзе зарэгістраваны кандыдатам. У Менску, напрыклад, заплянаваныя сустрэчы на Кастрычніцкай плошчы 17 лютага, адразу пасьля рэгістрацыі, і 2 сакавіка — на плошчы Свабоды. Ніякія заяўкі ўладам на гэтыя сустрэчы штаб Мілінкевіча падаваць не зьбіраецца, кажа спадар Калякін:

(Калякін: ) “Не, натуральна, Выбарчы кодэкс не патрабуе падачы якіх-небудзь заявак на правядзеньне сустрэчаў з выбаршчыкамі, ён трактуе, што кандыдат на прэзыдэнта праводзіць сустрэчы ў зручнай для выбаршчыкаў форме”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік мяркуе, што для арганізацыі сустрэчаў з выбаршчыкамі кандыдатам трэба кіравацца законам аб масавых акцыях:

(Лазавік: ) “Я спадзяюся, што ўсе кандыдаты на прэзыдэнта — людзі, якія ў першую чаргу паважліва ставяцца да заканадаўства і, перш чым арганізоўваць нейкія сустрэчы, папросяць дазволу мясцовых уладаў”.
XS
SM
MD
LG