Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дэбаты ды спрэчкі паміж кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта – гэта сусьветная практыка і неабходнасьць”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 14 лютага. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Спадар: ) “Ці трэба праводзіць тэледэбаты? Канечне, гэта трэба рабіць. Трэба сабрацца за круглым сталом усім кандыдатам і Лукашэнку. Але Лукашэнка баіцца праўды, і ён наўрад ці на гэта пойдзе. Ён не захоча паказаць, хто ёсьць хто”.

(Спадарыня: ) “Хачу зьвярнуцца да спадарыні Ярмошынай і спадара Лазавіка.

Спадар Лазавік кажа, што ніхто не зьвяртаецца ў Цэнтрвыбаркам, што кагосьці прымусілі падпісвацца за Лукашэнку. І такіх ня будзе, бо на заўтра яны будуць выкінутыя за дзьверы альбо за вароты прадпрыемства. Але ж вы, спадары, дасканальна ведаеце, што гэта было паўсюдна на ўсіх прадпрыемствах. А вы кажаце, што гэта няпраўда!”

(Віктар Бутто, Менск: ) “Пра прынцып аднаго вакна.

У Менску ад уладаў атрымаць даведку, дакумэнт, копію ці дублікат дакумэнта без скажэньняў, недакладнасьцяў вельмі цяжка, а часьцей проста немагчыма. Могуць не даваць дакумэнт і ганяць таго, хто зьвярнуўся, гадамі, то бок займацца вымаганьнем ці зьдзекаваньнем. Так сябе паводзяць службовыя ці іншыя асобы ў любой дзяржаўнай установе. І абавязаныя так паводзіць, бо калі дзяржаўны служачы будзе выконваць свае абавязкі добрасумленна, то ад яго пазбавяцца, то бок яго падставяць альбо давядуць да адыходу па асабістаму жаданьню альбо іншым спосабам. Бо нядобрасумленныя і неаб’ектыўныя пераважаюць над прыстойнымі. І з кожным годам у Рэспубліцы Беларусь знайсьці прыстойнага становіцца больш складана, бо выступаюць на баку непрыстойных пракуратуры, суды, турмы, псыхбальніцы...”

(Міхась Парційнаў: ) “Пракамэнтуйце, калі ласка, учорашняе вашае паведамленьне аб знойдзеных парэштках Аляксандра Македонскага ў Александрыі”.

(Уладзімер: ) “На мінулым тыдні мы даведаліся пра чарговы праект, а менавіта пра тое, што кожная сям’я павінна мець трох дзетак і больш. Гэта ўсё добра, але ў сёньняшніх сацыяльна-эканамічных варунках – гэта нерэальна.

Каб мець траіх дзетак, спачатку трэба мець аднаго, потым дваіх, а ўжо потым траіх, на што патрэбна вельмі шмат грошаў. Да таго ж, нічога не сказана пра тое, якая дапамога будзе тым сем’ям, якія маюць дваіх дзетак. А гэта большасьць у сучаснай Беларусі. Напрыклад, нашая сям’я, там дзе двое дзяўчынак, выжывае за кошт эканоміі, загартоўкі, рацыянальнага вядзеньня хатняй гаспадаркі. Але нават улічваючы такія захады, грошаў часам ледзь-ледзь хапае на самае неабходнае. А калі зьявіцца трэці дзяцёнак, то будзе вельмі цяжка, нават з усялякімі дапамогамі”.

(Мікалай Бойка, Кобрыншчына: ) “Беларускае радыё і тэлебачаньне пра Ўкраіну расказвае ўсё нэгатыўнае, колькі бруду вылівае на аранжавую рэвалюцыю, на Юшчанку. Незразумела, чаму маўчыць Украіна? Чаму не раскажа, як парушаюцца правы чалавека, як парушаюцца выбарчыя законы. Маўчыць Расея – гэта зразумела. Трэба Ўкраіне адказваць адэкватна”.

(Мікола Канаховіч, Пружаны: ) “Дэбаты ды спрэчкі паміж кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта – гэта сусьветная практыка і неабходнасьць. Без дэбатаў выбары ня могуць быць аб’ектыўнымі і чэснымі, асабліва ў нашай краіне. Але Лукашэнка ніколі ня пойдзе на дэбаты, напрыклад, з паважаным спадаром Мілінкевічам, бо ён добра разумее, што ён будзе выглядаць на людзях у параўнаньні зь Мілінкевічам, як вучань-двоечнік перад настаўнікам. Больш таго, дэбаты павінны весьціся толькі на беларускай мове, а Лукашэнка няздольны сфармуляваць ніводнага сказу на матчынай мове. І наогул, ці можна параўнаць інтэлектуальны ўзровень былога дырэктара саўгасу з доктарам навук? Таму Лукашэнка на сустрэчу са сваімі апанэнтамі ніколі ня пойдзе, бо ў гэтым яго параза, а значыць выбараў у нас ня будзе, а будзе чарговы звычайны фарс”.
XS
SM
MD
LG